У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 4 кастрычніка будуць судзіць святара Андрэя Наздрына. Яго судзяць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Пасяджэнне з’явілася ў раскладзе судоў.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, ім зацікавіліся праз падпіску на акаўнт чалавека, чые сацсеткі былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Суддзя — Алена Тоўсцік-Самойла.

UPD. Андрэя Наздрына аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (555 рублёў) і канфіскавалі ягоны тэлефон. «Усім дзякуй за малітвы. Многія ведалі, што ў мяне сёння быў суд паводле ч.2 арт.19. 11 КаАП. Далі штраф, канфіскавалі тэлефон. У мяне ўсё добра. Прашу і далей маліцца», — запісаў зварот святар у Instagram.

Ён таксама распавёў, што яго затрымалі пасля ананімнага даносу — участковы інспектар выявіў у Instagram падпіску на старонку, якая ў 2023 годзе была прызнаная экстрэмісцкай. Гаворка ідзе пра падпіску на акаўнт гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча.

Андрэй Наздрын — клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, былы настаяцель храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне на Альшанцы. У траўні 2022 года міліцыя правяла з ім прафілактычную гутарку. Пасля гэтага Андрэя знялі з пасады пасля сямі гадоў службы. Цяпер ён служыць у вёсцы Коматава.

Ноздрын у жніўні 2020 года казаў пра тое, што не трэба не распальваць варожасць паміж народам і арміяй. Ён дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў і прывозіў у месцы зняволення ваду і сродкі гігіены. З пачаткам вайны ва Украіне выказаўся супраць яе.

Чытайце таксама: