Аўтар зборніка вершаў “Время играет в нас” Павел Салаўёў найбольш вядомы ў Гродне як адзін з арганізатараў “Зялёнкі” – фестываля бардаўскай песні “Зялёны гран-пры”. Але для вядоўцаў літаратурнага падкаста “Гаворыць Гродна” самым дзіўным стала тое, што аўтар гэтай кнігі яшчэ і праграміст.
Ірына і Антон менш здзівіліся, што Павел Салаўёў піша вершы, чым таму, што ён піша яшчэ і камп’ютарныя праграмы. Яно і зразумела. На людзях Паўла часцей можна пабачыць з гітарай ці з іншымі музычнымі інструментамі. А праца праграміста – у асноўным непублічная дзея.
Апроч таго, вядоўцы ўзгадалі, што “цень” Паўла Салаўёва ўжо мільгала ў падкасце. Калі абмяркоўвалі кнігу Дзяніса Трусава “Бовь и мерть в Хротне”, экскурсаводка прапаноўвала герою прайсціся па “падвуліцах” горада і пазнаёміцца з яго “падвулічнымі” музыкантамі. Да падобнага праекта “Музыка гродзенскіх вуліц” меў у свой час дачыненне і Павел Салаўёў.
Але гаворка ў дзявятым выпуску літаратурнага сезона “Гаворыць Гродна” пайшла не аб праграмаванні і нават не аб музыцы. Ірына і Антон шукалі ў вершаваных радках кніжкі і паміж радкамі свой любімы горад – Гродна. І знаходзілі!
У лірыцы Салаўёва Гродна хаваецца ў ромбіках брукаванкі – як на цэнтральных вуліцах, і ў “танцы смерці”, выява якога ёсць у адным з кляштароў. Гродна на старонках кнігі – гэта горад князёў і каралёў, а таксама месца, дзе прызямліўся Хрыстос. Гродна – гэта горад, па якім каціцца труна на калёсіках і, на калёсіках таксама, – чырвоная рыба, каторая месціць у сабе ўвесь сусвет. І ўезны горад N, што туманам знікае за вагном вагона, калі ты з’язджаеш у невядомае – таксама Гродна.
Падкастары не дужа ўпэўнены, што менавіта гэта хацеў сказаць аўтар, але дакладна гэта тое, што яны хацелі ўбачыць і прачытаць у вершах гарадзенскага паэта.
Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста, ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні.
Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» – https://t.me/tetiaIra
Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!



