Фота: Пул 4 регион
Пасля перапынку ў чатыры гады каманда АўтаГродна зноў сабралася, каб стварыць гіганцкую фігуру з аўтамабіляў у гонар Новага года. Больш за 160 кіроўцаў сабраліся 26 снежня на пляцоўцы ў Панямуні: спачатку з дапамогай GPS накрэслілі фігуру, а затым па яе контуры пачалі выстройвацца аўтамабілі. Атрымаўся велізарны зубр — такі, як на гербе Гродзенскай вобласці.
Ацаніць фігуру можна было толькі з вышыні - зрабіўшы здымкі з дрона. Калі ў цемры кіроўцы ўключылі агні, сілуэт зубра стаў выразна бачны.
Такая навагодняя акцыя ад АўтаГродна праходзіць не першы раз, але ўпершыню пастраенне фігуры з аўто дапоўнілі салютам. Яшчэ адной новай актыўнасцю быў конкурс на найлепшую інсталяцыю на сваім аўтамабілі. Лепшыя работы ўзнагародзілі падарункамі ад ААТ «Гроднааўтасэрвіс».
Традыцыя збірацца перад Новым годам, каб павіншаваць адзін аднога і зрабіць фігуру з аўтамабіляў, з’явілася ў аўтааматараў Гродна ў 2016 годзе. Тады адміністратары і чытачы АўтаГродна зрабілі вялікую сняжынку на паркоўцы ля басейна «Лазурный». Пасля гэтага з кожным годам складанасць фігураў павялічвалася.
Да Новага года 2018 з машын у Гродне пабудавалі вялізную карту Беларусі. Напярэдадні 2020 года такім жа чынам стварылі галаву зубра і кветку васілька.
Цікава тое, што сёлета ўпершыню фота і відэа з паветра на акцыі рабіў афіцыйны Telegram-канал Гродзенскага аблвыканкама. Верагодна, гэта звязана з тым, што звычайным людзям у Беларусі зараз забаронена не толькі карыстацца, але нават валодаць дронамі.
28 верасня 2023 года ўступіла ў сілу падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам забарона на ўвоз, эксплуатацыю і выраб фізічнымі асобамі беспілотнікаў. У тым ліку нельга завезці назад у Беларусь дроны, якія грамадзяне раней вывезлі за мяжу. Карыстацца дронамі цяпер могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Фізасобы абавязаны пазбавіцца ад беспілотнікаў: перадаць арганізацыям або на захаванне «ва ўпаўнаважаную арганізацыю». Праўладныя Telegram-каналы наогул прапаноўвалі дарыць дроны беларускай арміі.
Лукашэнка падпісаў указ аб забароне дронаў нібыта для «забеспячэння грамадскай бяспекі».
Чытайце таксама:
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…