Дар’я Трайдэн – аўтарка, каторую не зблытаць ні з кім. Яна непаўторна-шчырая і крыштальна-дакладная ў апісанні пачуццяў і рэфлексій сваіх лірычных гераінь. Яе пісьмо – вельмі жаночае: пазнаванне досведу і ўнікальнасць погляду падкупае адразу і трымае да апошняга радка. Пра яе кнігу “Крыштальная ноч” пагаварылі ў літаратурным падкасце “Гаворыць Гродна”.

У гэтай кнізе Ірына і Антон не знайшлі наўпроставых узгадак пра Гродна. Магчыма таму, што ўночы, нават калі яна крыштальная, усе гарады і мястэчкі роўныя. І ўжо няма вялікай розніцы, ці ідзе гаворка пра Гродна, ці пра Карэлічы.

Абмяркоўваючы кнігу, падкастары ўзгадалі і гродзенскія сандалі, у якіх вырасла не адно пакаленне дзяцей, і віно, купленае на разліў, якое можна піць на беразе ракі, і стэрэатыпы пра жаночую прыгажость і лета ў вёсцы, і бабулю, у якой пазнаеш сябе.

Забаўка для чытачоў кнігі – знайсці ў кожным апавяданні аскепак крышталю. Бо ён там насамрэч ёсць, Ірына і Антон праверылі.

Дар'я Трайдэн Крыштальная ноч
Фота: кнігарня Логвінаў

Яшчэ адна важная рэч пра гэты твор – ён прынёс аўтарцы перамогу ў прэміі “Дэбют” у 2018 годзе.

Адметна, што ў той самы год на “Дэбют” намінаваліся яшчэ два гродзенскія аўтары,  якіх ужо абмяркоўвалі ў падкасце “Гаворыць Гродна”. Гэта Алесь Кіркевіч са зборнікам “Самурай” і Яўген Аснарэўскі з аповесцю “Трыкутнік караля”.

Слухайце пра кнігу гарадзенскай аўтаркі і чытайце кнігу “Крыштальная ноч”.

Слухайце таксама: Аснарэўскі супраць «Самурая»: дэбютны зборнік Алеся Кіркевіча абмеркавалі ў літаратурным падкасце «Гаворыць Гродна»


Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста ў сацсетках ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні.

Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» – https://t.me/tetiaIra.

Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!