Сёння размовы пра псіхічныя захворванні вядуцца нашмат больш ахвотна і адкрыта, чым раней. Многія вядомыя людзі не саромеюцца падзяліцца сваёй гісторыяй змагання з ментальнымі разладамі ў сацыяльных сетках, а рэгулярныя наведванні псіхатэрапеўтаў становяцца нормай для ўсё больш шырокіх колаў. Але ў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца тыя, хто называе спецыялізаваныя клінікі «дуркамі» ці «псіхушкамі», жартуе з людзей, якія жывуць на вуліцы Шчорса і з пагардай глядзіць на так званых «гарадскіх вар’ятаў». Так ці інакш, людзі, якія маюць псіхічныя захворванні, уплываюць на гарады, а гарады ўплываюць на іх. Як адбываецца гэты ўзаемны ўплыў? Пра гэта ў падкасце «Утульны горад» пагаварылі з беларускай псіхіаактывісткай, якая вядомая пад псеўданімам Пані Мыш.

Вы можаце праслухаць размову цалкам у аўдыёверсіі або прачытаць ніжэй у скароце асноўныя тэзісы гэтага выпуска падкаста.

Містычныя шпіталі і гісторыя псіхіятрыі

На працягу пяці стагоддзяў - з часоў ВКЛ да незалежнай Беларусі - стаўленне да людзей з псіхічнымі захворваннямі збольшага зводзілася да імкнення ізаляваць іх ад грамадства. На людзей, якіх было прынята называць вар’ятамі, глядзелі перад усім як на небяспеку для ўсіх астатніх.

У сучаснай Беларусі псіхіятрыя — амаль такая самая сфера медыцыны, як неўралогія ці эндакрыналогія. Псіхіятры і псіхіятаркі працуюць у дзяржаўных паліклініках і медычных цэнтрах. Сярод іх ёсць тыя, якія сутыкнуліся з прафесійным выгараннем і тыя, хто атрымлівае задавальненне ад сваёй працы; тыя, хто якасна дапамагае пацыентам і пацыенткам і тыя, чые кампетэнцыі выклікаюць сумневы.

Аднак стаўленне да псіхіятрыі сярод большасці беларусаў і беларусак усё яшчэ не падобна да стаўлення да іншых галін медыцыны. Толькі пра псіхіятрычныя шпіталі разносяцца містычныя гарадскія легенды, а ўлікам у псіхіятра некаторыя настаўніцы дагэтуль пужаюць непаслухмяных дзяцей.

Чытайце таксама: Гісторыя адной бездакорнай рэпутацыі ў Гродне: школьнік марыў стаць псіхіятрам-нарколагам, але атрымаў 10 гадоў за выраб наркотыкаў

Стэрэатыпы і стыгмы вакол псіхічных разладаў і людзей, якія на іх хварэюць, з’яўляюцца праз адсутнасць дзяржаўных праграм па асвеце ў гэтай галіне. Больш за тое, даволі часта гарадское асяроддзе падмацоўвае гэты стэрэатыпы.

Стыгма і гарадское асяроддзе

Напэўна, вы бачылі шмат банераў з сацыяльнай рэкламай, якая заклікае сказаць «не» наркотыкам ці алкаголю. Такая рэклама паказвае, што залежнасць (якая ёсць псіхічным захворваннем) — гэта быццам бы выбар чалавека. Пры гэтым яна нічога не кажа пра тое, чаму чалавек робіць такі выбар і як можа дапамагчы сабе, калі ўжо трапіў у залежнасць ад пэўных рэчываў.

Згадак пра іншыя псіхічныя захворванні ў гарадскім асяроддзі амаль няма. Парадаксальна, мы можам пабачыць сацыяльную рэкламу, якая заклікае адмовіцца ад аборта, але ніколі не бачым інфармацыі пра праблему пасляродавай дэпрэсіі, з якой сутыкаюцца маладыя маці. Хаця менавіта праз пасляродавую дэпрэсію жанчыны часта здзяйсняюць самагубствы і нават забіваюць пры гэтым сваіх дзяцей.

Хаця інфармацыі пра тое, як дапамагчы сабе, калі вас турбуе ваш эмацыйны стан, няма на «бачным месцы», у сучаснай Беларусі ёсць спосабы даць рады з ментальнымі разладамі. Лекары і лекаркі ў дзяржаўных і прыватных клініках могуць выпісаць лекі, якія дапамогуць. У цэнтрах псіхіятрыі часта працуюць псіхатэрапеўты і псіхатэрапеўткі, якія займаюцца размоўнай псіхатэрапіяй бескаштоўна або за невялікія грошы. Галоўнае, мець матывацыю шукаць усе гэтыя карысныя рэсурсы.