Гродзенскі музыка tochka К (Яўген Кучмейна) выпусціў пяты поўнафарматны альбом пад назвай «1oK». Ён складаецца з 20 песняў і з 15 снежня 2023 даступны на ўсіх папулярных стрымінгавых сервісах: Spotify, Yandex Music, YouTube, Apple Music і іншых, піша канал «Туси в Гродно». Музычны аглядальнік Аляксандр Чарнуха назваў Кучмейну адным з самых таленавітых музыкаў, а альбом — самай грунтоўнай яго працай.
Яўген Кучмейна паходзіць з Іўя. Піша музыку з 14 гадоў, выступае ў жанры acoustic rock/contemporary/neo psychedelic folk/trip grunge. Мае ўласную студыю гуказапісу Neman9, запісвае свае альбомы, трэкі ды альбомы іншых беларускіх музыкаў і гуртоў. Праект Tochka К (.К) у 2016 годзе стаў пераможцам «Басовішча».
Кампазіцыі для альбома былі запісаныя ў 2021−2023 гадах. Разам з альбомам Яўген апублікаваў «Шляхаводнік па альбоме», дзе тлумачыць абставіны паўстання кожнай песні.
«Кожны з нас быў школьнікам. У нейкім сэнсе кожны з нас школьнікам застаецца і зараз. Гэта гісторыя з’яўлення, жыцця і знікнення аднаго з іх. Яна расказана з дапамогай песень, якія гучаць у адпаведнасці з храналогіяй асноўных этапаў жыцця героя, — піша Кучмейна пра „1ок“ (у рускім прачытанні - „одинок“) ў „Шляхаводніку“. — Школьнік часам самотны, але агулам — аднаму яму ок». Расказ пра ўнутранага школьніка ідзе ад першай асобы.
Трэкі ў альбоме падзелены на храналагічныя этапы: «З'яўленне і нявіннасць. Пазбаўленне нявіннасці», «Барацьба з грамадствам», «Адасобленасць», «Аб'яднанне» і «Старасць і знікненне».
«1ок» — самая грунтоўная і маштабная праца Яўгена, мяркуе журналіст і музычны аглядальнік Аляксандр Чарнуха. У рэцэнзіі ён называе Кучмейну адным з самых таленавітых і цікавых музыкантаў Беларусі, пры тым вельмі далёкім ад кан’юнктуры і трэндаў.
«Гэта персанальны псіхадэлічны трып, у якім творца выпраўляецца ў складанае і небяспечнае падарожжа. Звычайна музыка .К не рэагуе на знешнія фактары — яна вельмі інтравертная і базуецца на ўнутраным свеце творцы. Але не гэтым разам. Час ад часу Кучмейна выплывае на паверхню — і тады 1ок выбухае злымі і жорсткімі трэкамі кшталт „33“. Бязлітасны рэфрэн „Х*ем по губам“ — гэта апошняе, што чакаеш пачуць ад Кучмейна. Але гэта толькі маленькая частка нетаропкага, шматслойнага твору».
«Пры дапамозе акустычнай гітары і мінімалістычных гукавых эфектаў музыкант стварае вельмі шчыльныя і прыгожыя кампазіцыі, нібыта ў запісе ўдзельнічае паўнавартасны гурт — тут адчуваецца і ўплыў псіхадэлічнага фольку, і гранжу». У альбом увайшоў цалкам аўтэнтычны матэрыял, заснаваны выключна на харызме творцы і яго разуменні і адчуванні музыкі, мяркуе крытык.
Чытайце таксама: