У Гродна 12 снежня прыязджае Аляксей Талай. У сувязі з яго прыездам бацькам гродзенскіх школьнікаў прапануюць паўдзельнічаць у “тэрміновым зборы дапамогі дзецям Данбаса” для фонду Талая. Прыносіць просяць прысмакі і сродкі асабістай гігіены.
Інфармацыя пра “тэрміновы збор” з’явілася ў бацькоўскіх чатах Гродна. Рэчы збіраюць у школе №15 на вул. Міру да 11 снежня. У траўні 2023 года Талай прыязджаў на адкрыццё ў гэтай школе мурала савецкаму генералу Д.М. Карбышаву.
12 снежня ў Гродзенскай абласной філармоніі пройдзе “Урок мужнасці” з Аляксеем Талаем пад лозунгам “Зрабі правільны выбар”. На сустрэчу запрашаюць моладзь.
Хто такі Талай і пры чым тут дзеці Данбаса
Аляксей Талай – паралімпіец, шматдзетны бацька і праўладны актывіст. У 2018 годзе заснаваў дабрачынны фонд імя Аляксея Талая для дапамогі людзям з інваліднасцю, цяжкахворым людзям, дзецям, якія засталіся без бацькоў. Талай актыўна падтрымлівае ўладу Лукашэнкі і “рускі свет”. Ездзіць па гарадах Беларусі з матывацыйнымі выступамі.
Талай неаднаразова наведваў акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны і лічыць іх часткай Расіі. Вывозіць адтуль у Беларусь украінскіх дзяцей нібыта на аздараўленне. За гэта Украіна ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі. 8 снежня ён расказаў, што стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа. Раней, 1 снежня, Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства беларускай арганізацыі. Прычынай стала адмова звальняць з пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, таксама датычнага да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей.

Менавіта з-за падазрэння ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародны ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Незаконны вываз непаўналетніх ад іх бацькоў, блізкіх і апекуноў лічыцца ваенным злачынствам. У Расіі дзяцей спрабуюць прывучыць любіць Расію і Пуціна. На жнівень 2023 года было вядома пра вываз больш як 19 000 украінскіх дзяцей. Аляксей Талай заяўляў, што ўсе вывезеныя ў Беларусь дзеці тут не застаюцца.
У жніўні разам з Беларускім саюзам жанчын Талай пачаў праект для інфармавання “аб сітуацыі ў пацярпелых ад ваенных дзеянняў рэгіёнах Данбаса” і “аказання пасільнай дапамогі жыхарам і ў першую чаргу дзецям Данбаса”. Апошні раз прыязджаў у Гродна ў верасні, да гэтага – у траўні 2023 года.


