Ужо традыцыйную алею «дызайнерскіх» ёлак у Гродне ад прадпрыемстваў і ўстаноў урачыста адкрылі 8 снежня. Сёлета ў парку Жылібера ўстанавілі каля 50 ёлак з разнастайных матэрыялаў.

Сярод аўтараў - буйныя прадпрыемствы, такія як «Белкард», «Радыёхваля», Гродзенскі шклозавод, Гроднаграмадзянпраект, Гроднаводаканал, САГ, Гроднахлебпрам, Гроднаэнерга, «Цветлит», а таксама паліклінікі, школы і каледжы.

Адны спрабавалі адлюстраваць у кампазіцыях сваю дзейнасць, іншыя абышліся размяшчэннем лагатыпаў. У параўнанні з мінулымі гадамі не здаецца тэндэнцыя ставіць не проста кампазіцыі, а фотазоны з лавачкамі.

Такія зрабілі «Фармацыя», шклозавод, «Белкард», «Радыёхваля», Гродзенскі механічны завод. Гроднагаз і Гроднапрамбуд вырашылі не абмяжоўвацца ёлкамі, а адлюстраваць сімвал 2024 года па кітайскім календары — дракона. Не абышлося і без дзіўнага «агратрэшу». САГ здзівіў смеццевымі бакамі з падарункамі, Гроднахлебпрам — ёлкай, хутчэй падобнай на сыр. Увагу прыцягвае і ёлка-айбаліт ад цэнтральнай дзіцячай паліклінікі. Фота кампазіцый у парку апублікаваў Newgrodno.by.

На алею «дызайнерскіх» ёлак можна будзе паглядзець да сярэдзіны студзеня, потым іх прыбяруць. Перад гэтым пройдзе конкурс на найлепшую ёлку. У мінулым годзе ў ім перамагла ёлка ад Гродзенскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Другое месца падзялілі САГ і «Гроднаводаканал».

Чытайце таксама: