Сёлета на «Зімовым фэсце» ў Гродне абяцаюць новыя стравы на фуд-корце, новыя арыгінальныя лакацыі і фотазоны ад партнёраў. Кірмаш на Савецкай адкрыецца ўжо 8 снежня. А з 16 снежня там пачне прымаць гродзенцаў Дзед Мароз.

Раней «Зімовы фэст» збіраў каля 20 удзельнікаў, сёлета іх будзе больш за 30, у тым ліку рамеснікаў.

«Зімовы фэст» будзе працаваць з 8 снежня да 7 студзеня, з 15.00 да 23.00 у буднія дні і з 13.00 да 23.00 у выхадныя, перадсвяточныя і святочныя дні. У навагоднюю ноч (1 студзеня) кірмаш будзе адкрыты з 01.00 да 04.00.

Фудтрак «Лятучы галандзец» прывязе на фэст рыбныя стравы: суп «Буябес» па-марсэльску, кольцы кальмара з падліўкай «Тысяча выспаў» і мідыі на грылі, піша s13. «Беларуская кухня» прапануе бліны з абляпіхай, селядцом і ікрой.

Comida Mexicana прывязе з Мінска мексіканскія бурыта, тако і сабрэ з рознымі начынкамі. Party Park будуць гатаваць крэветкі з кальмарамі ў паніраванні і ядомы падарункавы бокс з цацкай. На салодкае чакае калядная выпечка — чэшскія трдэльнікі ад TRdlo House, нямецкія берлінеры ад «Сытага мішкі» і іншыя.

Гарачымі напоямі з новай кактэйльнай карты пачастуе «Зімовы бар». У гэтым годзе сюрпрызам стане глінтвейн, прыгатаваны на «Лідскім квасе» са смакам печанага яблыка.

Трымальнікаў карт Visa Альфа Банка чакае зніжка 10% на стравы фуд-корта. Таксама Альфа Банка і Visa запусцяць на кірмашы сваю навагоднюю пошту: проста на месцы можна будзе абраць і адправіць святочную паштоўку.

Дзеду Марозу ўжо паставілі дом

На Савецкай плошчы ўжо ўстанаўліваюць хатку Дзеда Мароза, паведаміў «Гродна Плюс». Ён адкрыецца для гасцей з 16 снежня. Дзед Мароз будзе чакаць гасцей у буднія з 17:00 да 21:00, у выхадныя з 14:00 да 21:00. У праграме — інтэрактыўныя забавы, канцэрты і магчымасць адправіць ліст у галоўную рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Хатка таксама будзе адкрыта да 7 студзеня (уключна).

Домік Дзеда Мароза на Савецкай у Гродне.
Домік Дзеда Мароза на Савецкай. Фота: «Гродна Плюс»

Святочную ілюмінацыю ў горадзе ўключаць да 15 снежня.

Чытайце таксама: Навагоднія ёлачныя рынкі адкрыюць у Гродне 20 снежня