У Шчучыне на працоўным месцы памёр міліцэйскі начальнік. Жыхарку Свіслачы судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і арыштавалі яе. Беларуса затрымалі на мяжы за падпіску ў Instagram. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 лістапада па 3 снежня.
Жыхарку Свіслачы судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў - арыштавалі мікрахвалёўку
У судзе Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці судзілі мясцовую жыхарку па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Яна была падпісаная на Zerkalo.io у адной з сацсетак.
Яе аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона. Мікрахвалевую печ, якая знаходзіцца на захоўванні ў АУС, звярнулі ў кошт аплаты штрафу ў выпадку яго нявыплаты.
Палітвязень з Гродна Андрэй Мацонка на волі
У снежні 2022 года Андрэя асудзілі па артыкуле 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Тады суддзя Дзмітрый Кедаль прысудзіў мужчыну да года калоніі агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Пасля затрымання палітвязень быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Мужчына адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска.
Мужчыну асудзілі на два гады «хіміі» за каментар пра Лукашэнку ў Youtube
У судзе Ленінскага раёна Гродна 9 лістапада асудзілі Ігара Жука па ч. 1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Суддзя Наталля Горбач прызначыла Ігару два гады «хіміі», паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у Youtube пакінуў каментар на адрас Лукашэнкі пад відэа «Беларусь: Скрытая мобилизация и ввод войск из России | Украины, Лукашенко и НАТО» расійскага блогера Іллі Варламава. У яго ў тэлефоне знайшлі дадатак Youtube, у якім у раздзеле «каментары» і быў адпаведны пост.
Ігар Жук працаваў станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў у закрытым акцыянерным таварыстве. Да вынясення прысуду ён знаходзіўся пад вартай.
Новыя палітвязні
Віталь Санько з Гродна прызнаны палітвязнем.
11 судоў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Суды прайшлі ў Шчучыне, Іўі, Ашмянах, Гродне, Бераставіцы і Воранаве. У Іўі аштрафавалі непрацуючага бацьку малалетняга дзіцяці і начальніцу ЗАГС, у Шчучыне — супрацоўніка дзяржпрадпрыемства, у Гродне — дырэктара ТАА, бібліятэкара і медсястру.
Новая экстрэмісцкая інфармацыя
Суд Ленінскага раёна Гродна 28 лістапада прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «Лявон Вольскі». А суд Лідскага раёна 29 лістапада 2023 года прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «Беларускі Янкі» і Instagram-акаўнт «yankee.in».
Затрыманне ў Гродне
У Гродне затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка. Ён уступіў у чат-бот «План Перамога», але ніякіх дзеянняў не выконваў. Таксама ў Telegram ён абразіў супрацоўнікаў Міністэрства абароны і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.
Сілавікі сцвярджаюць, што ў дачыненні да яго могуць распачаць справу паводле некалькіх артыкулаў КК.
Затрыманні ў Слоніме
1 снежня на «Белтрансгазе» прайшлі затрыманні. Колькасць затрыманых і прычына затрымання невядомыя, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Новыя экстрэмісты
Жук Ігар Алегавіч з Гродна 1 снежня папоўніў «спіс экстрэмістаў». Ён адбывае пакаранне.
У Ваўкавыску 30 лістапада пачынаецца чарговы суд над блогерам Уладзімірам Цыгановічам
43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы па ч.2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў калоніі, паведамляе «Вясна».
Памятаеце кандытара з Гродна з тортамі з аднарогам? Міліцыя не знайшла парушэнняў - гэта пакрыўдзіла Бондараву
Ленінскі РАУС Гродна праверыў акаўнт «sladkiy_grodno» з тортамі ў тым ліку для дарослых. Фактаў здзяйснення якога-небудзь правапарушэння, які адносіцца да кампетэнцыі АУС, ён не выявіў. Пра гэта напісала Вольга Бондарава.
Беларуса затрымалі на мяжы за падпіску ў Instagram
Беларуса затрымалі ў пункце пропуску «Каменны лог». Яго судзілі 2 лістапада за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у судзе Ашмянскага раёна. Па арт. 19.11 КаАП яму прызначылі штраф. Пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з’явілася ў банку судовых рашэнняў.
У праваабаронцы з Гродна правялі вобшук — распачалі крымінальную справу
Супраць гродзенскага журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа. Яе пачалі па арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Па двух месцах яго жыхарства правялі вобшук. Сам ён знаходзіцца за мяжой.
У Лідзе працягваюцца затрыманні - прыйшлі на чарговы завод
Супрацоўнікаў Лідскага завода жалезабетонных вырабаў затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце, паведамляе праўладны Telegram-канал. Паводле паведамленняў сілавікоў, затрыманых змясцілі ў ІЧУ.
У Гродне затрымалі баптысцкага пастара
Раніцай 1 снежня ў Гродне затрымалі пастара царквы ЕХБ «Святло міру» Васіля Трубчыка. Прычыны затрымання невядомыя. 4 снежня ў закрытым рэжыме адбудзецца суд.
У Шчучыне на працоўным месцы памёр міліцэйскі начальнік. Што пра гэта вядома?
Намеснік кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўнік Сяргей Асавік памёр на працоўным месцы. Пра гэтага стала вядома 29 лістапада 2023 года, паведаміла «Еўрарадыё». Інфармацыю пацвердзілі Zerkalo.io у самім РАУС.
Палітзняволенаму Дзянісу Івашыну не прапусцілі ліст праз «цынічны змест» — там была «СБ. Беларусь сегодня»
Гродзенскаму журналісту і палітзняволенаму Дзянісу Івашыну не перадалі ліст з раздрукоўкамі. Пра гэта ён напісаў у справаздачы пра атрыманыя лісты да маці, паведаміла яго жонка Вольга.