На Лідскай адкрылі краму нізкіх цэнаў «Спутнік», на Кляцкова адкрыюць «Капеечку», а ў Баранавічах пабудуюць свой гандлёвы цэнтр. Hrodna.life паглядзеў, якія гандлёвыя аб’екты адкрылі альбо плануюць адкрыць у Гродне.

У Баранавічах пабудуюць гандлёвы цэнтр

У мікрараёне Баранавічы, на скрыжыванні вуліц Ваўжэцкага і Пясочнай, плануюць пабудаваць гандлёвы цэнтр.

Гэта будзе аднапавярховы будынак у форме літары «Г» плошчай больш за 530 кв.м. У адным крыле будзе крама, а ў другім — аб’екты гаспадарчага абслугоўвання. Там можа размясціцца салон прыгажосці, рамонт адзення альбо пункт выдачы маркетплэйса. Плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыі і арганізаваць побач паркоўку.

Калі пачнуць будаўніцтва, невядома. Зараз адбываюцца грамадскія абмеркаванні праекта.

На Лідскай - “Спутнік”, а ў Баранавічах - гандлёвы цэнтр. Якія новыя крамы адкрываюць у мікрараёнах Гродна
Праект гандлёвага цэнтра ў Баранавічах. Крыніца: grodno.gov.by

На Кляцкова адкрыюць краму «Капеечка»

На вуліцы Кляцкова ў будынку былой крамы «Белмаркет» у гандлёвым цэнтры «Фламінга» адкрыюць краму «Копеечка». Пра гэта стала вядома праз банэры з інфармацыяй аб пошуку супрацоўнікаў на фасадзе будынка. Калі адрыюць краму, дакладна не вядома.

На Лідскай - “Спутнік”, а ў Баранавічах - гандлёвы цэнтр. Якія новыя крамы адкрываюць у мікрараёнах Гродна
Будынак, дзе плануюць адкрыць «Капеечку». Крыніца: gr.by

На Лідскай адкрылі дыскаўнтар «Спутнік»

Краму «Спутнік» адкрылі на вуліцы Лідскай. Яна размяшчаецца насупраць інтэрнатаў недалёка ад скрыжывання вуліц Лідскай і Белуша. Гэта дыскаўнтар, які належыць уласнікам сеткі «Светофор». У краме прадаюцца прадукты харчавання і гаспадарчыя тавары. Паводле газеты «Вячэрні Гродна», асартымент тавараў большы, чым у крамах «Светофор».

У краме працуе пяць кас. Сярод нязручнасцяў — складанасць выезду на вуліцу з вазком праз вузкія дзверы і высокі парог. Таксама каля крамы невялікая пракоўка, якую зрабілі падчас рэканструкцыі вуліцы Лідскай. Але пакінуць аўто можна каля суседняй крамы «Хіт!».