Супраць гродзенскага журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа. Яе пачалі па арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Па двух месцах яго жыхарства правялі вобшук. Сам ён знаходзіцца за мяжой.

У справе фігуруюць дзве часткі арт. 361−4 КК — частка 1 «Вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а таксама частка 2 - «Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў», паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

Уладзімір Хільмановіч ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго прапіскі апісалі мэблю і лядоўню.

1 снежня ў кватэры жонкі Уладзіміра Хільмановіча, дзе ён жыў з 2014-га па 2021 год, правялі ператрус. Забралі працэсар кампутара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі бытавую тэхніку.

Чытайце таксама: У Гродне праводзяць «зачыстку»: прыходзяць дамоў да актывістаў