Праект «Рэканструкцыя нежылога будынка пад шматфункцыянальны ў Гродне» адзначылі сярэбраным дыпломам Нацыянальнага незалежнага архітэктурнага рэйтынгу «Залатая капітэль 2023» (базуецца ў Новасібірску, Расія). Гаворка ідзе пра будынак на Філарэта, 13 (былы Горкага, 13). Ад арыгінальнай пабудовы засталіся толькі бакавыя фасады — брандмаўэры.

Праект атрымаў узнагароду ў намінацыі «Рэканструкцыя і рэстаўрацыя будынкаў і збудаванняў | Праекты». Пра гэта кампанія-парэкціроўшчык «Інтэлсток інжынірынг» паведаміла ў сваім Instagram.

Проект «Реконструкция нежилого здания под многофункциональное в Гродно» отмечен серебряным дипломом национального независимого архитектурного рейтинга (Россия, г. Новосибирск).
Крыніца: instagram.com/intelstock

Канцэпцыя працы была ў «захаванні ўнікальнасці горадабудаўнічага асяроддзя, маштабу і цэласнасці гістарычнай забудовы», сказана ў апісанні праекту. Таксама ў яго закладвалі «гарманічнае ўзаемадзеянне старога і новага, пераасэнсаванне функцыі гістарычнага квартала і стварэнне лакальнага цэнтра прыцягнення для жыхароў раёна і турыстаў».

Праект прадугледжваў захаванне і аднаўленне арыгінальнага аблічча рэканстраванага будынка, змяненне функцыянальнага прызначэння. У тым ліку для гэтага да будынка прыбудоўваюць новы аб’ём з боку дваровага фасада. Новая прыбудова запраектавана «сумаштабнай», падобнай па габарытах і формаўтварэнні да навакольнай забудовы. Яе вырашылі будаваць без стылізацыі і «псеўдагісторызму». У цэлым аб’ём павінны успрымацца як забудова з трох блакіраваных дамоў.

Праект яшчэ знаходзіцца на стадыі рэалізацыі.

Большую частку будынка знеслі

Паводле першапачатковых умоў арыгінал павінны былі захаваць у пачатковым выглядзе і не зносіць за выключэннем аднаго элемента, але ў выніку ад будынка засталіся толькі дзве сцяны. Фасад планавалі адрэстаўраваць і ўдасканаліць, драўляныя элементы — абнавіць або замяніць, — прыводзіў канал Urban Hrodna апісанне праекта, апублікаванае «Вечернем Гродно». Пазней публікацыя змянілася.

Абследаванне паказала, што захаваць арыгінал ужо немагчыма, расказаў для Urban Hrodna замоўца будаўніцтва. У 2018 годзе будынак ужо быў прызнаны аварыйным і стаяў без жыхароў. Праект, паводле якога зараз ідзе рэканструкцыя, зацвердзіў Мінкульт.

Будынак будзе выглядаць так, як знесены драўляны, але крыху вышэйшым, падзяліўся замоўца будаўніцтва. Для пабудовы выкарыстоўваюць матэрыялы з негаручым насычэннем, бо з звычайнага дрэва нельга будаваць праз пажарныя нормы.

Якім будзе вынік

Пасля дабудоўвання новага двухпавярховага аб’ёму 8,7×19,5 м у задняй частцы будынка яго агульная плошча павялічыцца з 150 да 700 кв.м. Прастору арганізуюць паводле прынцыпу open space.

Арку вырашылі адбудаваць меншай, чым яна была раней, каб у двор маглі ўехаць машыны, пісаў «Вечерний Гродно». За будынкам з’явіцца паркоўка на 6 машына-месцаў.

Будоўлю планавалі завяршыць у чэрвені 2023 года.

Усё па законе

Будынак не з’яўляўся помнікам архітэктуры. Але разам з суседнімі ўтвараў унікальнае аблічча Новага Света — квартала, дзе захавалася драўляная забудова 100-гадовай даўніны. Гэты раён уваходзіць у ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна, адносіцца да першага рэжыму зместу. Там забараняецца будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць навакольнае асяроддзе, выбухова- і пажаранебяспечных; узвядзенне будынкаў і збудаванняў,
а таксама рэканструкцыя існуючай забудовы без выкарыстання гістарычнага модуля па працягласці фасадаў і вышэй за адзнаку вільчака даху прылеглай забудовы (вышэй за 11 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху, вышэй 2 паверха з мансардай).

Іншыя ўзнагароды

Праект гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Дубко ад гродзенскай кампаніі «Інтэлсток інжынірынг» атрымаў Малы Гран-Пры на конкурсе ў рамках XV Нацыянальнага фестывалю архітэктуры. Пераможцаў аб’явілі 21 кастрычніка 2023 года ў Мінску.

У чэрвені 2021 года каманда Віктара Вараб’я і Вадзіма Жука з «Інтэлсток Інжынірынг» атрымалі сярэбраны дыплом на тым жа конкурсе, дзе зараз адзначылі праект у Новым Свеце. Тады ўзнагароду атрымаў праект офіснага цэнтра на Вялікай Траецкай. Зараз яго якраз будуюць.

Таксама зараз кампанія рыхтуе праект рэстаўрацыі закінутага будынка былога скурвендыспансера на вуліцы Васілька.