Дзеля бяспекі беларусаў у Польшчы зменяць правілы афармлення віз. Гэта тычыцца асобаў, якія плануюць перасякаць мяжу па візе, выдадзенай праз «карту паляка», паведаміла выданне Rzeczpospolita.

карта поляка
Карта паляка. Фота ілюстрацыйнае. Крыніца: gov.pl

UPD. На самай справе пастанова датычна віз для беларусаў цяпер знаходзіцца на стадыі публічных кансультацый. Гэта значыць, што яго яшчэ будуць разглядаць у розных камітэтах, правяраць з юрыдычнага боку і г. д., распавяла ў каментары для KYKY дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Ёсць рызыка, што на этапе праверак нешта можа пайсці не так. Але Крысціна аптымістычна настроена: «Думаю, пастанова датычна віз будзе прынятая ў тым жа выглядзе, як і заяўлена рублічна».

Што плануюць змяніць

Зараз у візы, якія выдалі праз «карту паляка», будуць ставіць нумар 23. Гэта адносіць дакументы да ўдзельнікаў праграмы Poland Business Harbour (комплекс паслугаў, які дазваляюць без праблем патрапіць у Польшчу бізнесменам, фрылансерам, прадпрыемстам), членам іх сем’яў, а таксама турыстам з неназванымі мэтамі.

Раней, у візы, якія выдавалі на падставе «карты паляка», ставілі нумар 18. На думку польскіх праваахоўнікаў, гэта спрыяла ідэнтыфікацыі грамадзян, якія маюць «карту паляка» і польскія карані.

Новыя правілы будуць тычыцца не толькі новых заяваў, а таксама тых, якія ўжо былі пададзеныя да набыцця моцы пастановы.

Дзелавую візу стала складаней атрымаць

З 13 лістапада 2023 года ў Польшчы змянілі патрабаванні да атрымання дзелавой візы. Зараз недастаткова запрашэння на працу ў Польшчы. Дакумент трэба зарэгістраваць у рэестры запрашэнняў у ваяводстве альбо заверыць подпісам запрашаючага боку ў польскага натарыуса. Раней беларусам было дастаткова аформіць запрашэнне, якое падцвярджала працоўную мэту паездкі.

Чытайце таксама: Супрацоўнікаў «Азота» прымушаюць пазбавіцца карты паляка

Беларусы павінны паведамляць пра наяўнасць замежных дакументаў

У ліпені 2023 года ў Беларусі дапоўнілі закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Зараз беларусы мусяць паведамляць у Міністэрства ўнутраных спраў альбо Міністэрства замежных спраў інфармацыю пра наяўнасць замежнага грамадзянства, віда на жыхарства альбо любы іншы замежны дакумент, які дазваляе карыстацца ільготамі і іншымі перавагамі.

Ад карт паляка прымушалі адмаўляцца

У ліпені 2023 года на «Гродна Азот» прыходзілі супрацоўнікі КДБ і выклікалі ўладальнікаў карты паляка. Іх прымушалі пазбавіцца дакумента, а таксама аддаць яго наўпрост супрацоўнікам КДБ.

У той жа перыяд беларускія памежнікі на мяжы прымушалі беларусаў «добраахвотна» адмаўляцца ад карт паляка. У іншым выпадку пагражалі суткамі.