Дзеля бяспекі беларусаў у Польшчы зменяць правілы афармлення віз. Гэта тычыцца асобаў, якія плануюць перасякаць мяжу па візе, выдадзенай праз «карту паляка», паведаміла выданне Rzeczpospolita.
UPD. На самай справе пастанова датычна віз для беларусаў цяпер знаходзіцца на стадыі публічных кансультацый. Гэта значыць, што яго яшчэ будуць разглядаць у розных камітэтах, правяраць з юрыдычнага боку і г. д., распавяла ў каментары для KYKY дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Ёсць рызыка, што на этапе праверак нешта можа пайсці не так. Але Крысціна аптымістычна настроена: «Думаю, пастанова датычна віз будзе прынятая ў тым жа выглядзе, як і заяўлена рублічна».
Што плануюць змяніць
Зараз у візы, якія выдалі праз «карту паляка», будуць ставіць нумар 23. Гэта адносіць дакументы да ўдзельнікаў праграмы Poland Business Harbour (комплекс паслугаў, які дазваляюць без праблем патрапіць у Польшчу бізнесменам, фрылансерам, прадпрыемстам), членам іх сем’яў, а таксама турыстам з неназванымі мэтамі.
Раней, у візы, якія выдавалі на падставе «карты паляка», ставілі нумар 18. На думку польскіх праваахоўнікаў, гэта спрыяла ідэнтыфікацыі грамадзян, якія маюць «карту паляка» і польскія карані.
Новыя правілы будуць тычыцца не толькі новых заяваў, а таксама тых, якія ўжо былі пададзеныя да набыцця моцы пастановы.
Дзелавую візу стала складаней атрымаць
З 13 лістапада 2023 года ў Польшчы змянілі патрабаванні да атрымання дзелавой візы. Зараз недастаткова запрашэння на працу ў Польшчы. Дакумент трэба зарэгістраваць у рэестры запрашэнняў у ваяводстве альбо заверыць подпісам запрашаючага боку ў польскага натарыуса. Раней беларусам было дастаткова аформіць запрашэнне, якое падцвярджала працоўную мэту паездкі.
Чытайце таксама: Супрацоўнікаў «Азота» прымушаюць пазбавіцца карты паляка
Беларусы павінны паведамляць пра наяўнасць замежных дакументаў
У ліпені 2023 года ў Беларусі дапоўнілі закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Зараз беларусы мусяць паведамляць у Міністэрства ўнутраных спраў альбо Міністэрства замежных спраў інфармацыю пра наяўнасць замежнага грамадзянства, віда на жыхарства альбо любы іншы замежны дакумент, які дазваляе карыстацца ільготамі і іншымі перавагамі.
Ад карт паляка прымушалі адмаўляцца
У ліпені 2023 года на «Гродна Азот» прыходзілі супрацоўнікі КДБ і выклікалі ўладальнікаў карты паляка. Іх прымушалі пазбавіцца дакумента, а таксама аддаць яго наўпрост супрацоўнікам КДБ.
У той жа перыяд беларускія памежнікі на мяжы прымушалі беларусаў «добраахвотна» адмаўляцца ад карт паляка. У іншым выпадку пагражалі суткамі.