Раённыя ўлады ў Астраўцы вырашылі даць назвы праектаваным вуліцам і праездам у раёнах сядзібнай і шматкватэрнай забудовы ў цэнтры Астраўца. Гараджан заклікаюць выказацца з гэтай нагоды, але тыя нават стварылі петыцыю супраць прапанаваных назваў. Што з імі не так?
Прапанаваныя райвыканкамам назвы — вуліцы Народная, Жураўліная, Добрая, Сямейная, Салаўіная, Ясная, Дружбы, Мірная, 9 мая, 17 верасня і нават Мінская.
Райвыканкам прапануе больш падрабязна азнаёміцца з пытаннем да 14 снежня. Меркаванні грамадзян наконт назваў вуліц у пісьмовай форме збіраюць на афіцыйны адрас установы (Астравец, вул. Кастрычніцкая, 8) і на электронную пошту arhit-ostrovec@mail.ru.
Грамадзяне абурыліся
Гараджан абурыла бессэнсоўнасць прапанаваных назваў вуліц Астраўца і яны вырашылі звярнуцца да ўладаў калектыўна.
«Прапанаваныя да прысваення назвы настолькі абстрактныя, што не нясуць у сабе аніякага сэнсу. У гэты час неўшанаванымі застаюцца імёны выдатных беларусаў, жыхароў Астравеччыны, чыя дзейнасць на карысць грамадства мусіць быць прыкладам для ўсіх», — пішуць стваральнікі петыцыі.
Якія назвы хочуць бачыць жыхары?
Аўтары пералічылі асоб, звязаных з краем, і якіх, на іх думку, варта ўшанаваць у гарадской тапаніміцы:
- Альбін Стаповіч — паэт, публіцыст і музыка;
- Янка Быліна — паэт, драматург і святар з вёскі Лакцяны;
- Мар’ян Богуш-Шышка — мастак з Трокенікаў;
- Іосіф Гашкевіч — вучоны-мовазнаўца, даследчык Японіі і Кітая, які правёў апошнія гады свайго жыцця ў Малях;
- Леў Дабжынскі — мастак, пахаваны ў вёсцы Лоша ў 1938 годзе;
- Казімір Сваяк — грамадска-палітычны дзеяч, паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар, які нарадзіўся ў вёсцы Барані.
«Пакуль гэтыя асобы не ўшанаваны, не зразумела, як гаворка можа ісці пра ўшанаванне салаўёў і жураўлёў - які прыклад яны падаюць, які нацыянальны гонар яны абуджаюць у жыхароў горада? Ніякі», — падводзяць выснову ў петыцыі.
«Палітыка ранейшая — поўная дэнацыяналізацыя», — пракаментавалі называнне ў канале «Спадчына».
На момант публікацыі гэтага тэксту петыцыю падпісала 28 чалавек. Подпісы збіраюць да 23 лістапада. Пасля яе скіруюць у Астравецкі райвыканкам.
Вайна назваў у Астраўцы
У Астраўцы не ўпершыню спрабуюць ушанаваць славутых землякоў. У чэрвені 2022 года ў Астравецкі райвыканкам паступаў зварот членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» аб увекавечанні памяці літаратуразнаўца і гісторыка Адама Мальдзіса, які нарадзіўся ў Астравецкім раёне. 24 чэрвеня 2022 года выйшла рашэнне Астравецкага райвыканкама № 461 «Аб перайменаванні дзяржаўнай установы культуры «Астравецкая раённая бібліятэка».
У ліпені 2022 праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава з гэтай нагоды абурылася і звярнулася ў Гродзенскі аблвыканкам. Спачатку там паведамілі, што адмяняць рашэнне аб перайменаванні не плануюць. Але пазней аргументы Вольгі пра «прапольскага дзеяча» і «махровага нацыяналіста» прынялі.