Пляцоўку для пахавання радыёактыўны адкідаў могуць стварыць побач з БелАЭС у Астравецкім раёне. Пра гэта паведаміла кіраўніца Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Лугоўская.

Радыёактыўныя адкіды з БелАЭС могуць захоўваць у Астравецкім раёне
БелАЭС. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life

«У бліжэйшы год-паўтара павінна быць абрана пляцоўка. Патэнцыйныя месцы — гэта можа быць і каля станцыі, гэта могуць быць зоны радыяактыўнага забруджвання, у тым ліку запаведнік [Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — Hrodna.life]», — сказала Вольга Лугоўская.

Калі павінны зрабіць пляцоўку

Ужо распрацоўваюць тэхнічнае заданне на выкананне адпаведных прац. Паводле нарматыўна-прававой базы, якая вызначае патрабаванні да пляцоўкі, сховішча павінны пабудаваць на працягу 10 гадоў ад пачатку эксплуатацыі Астравецкай АЭС.

Станцыя прастойвала палову часу

Завяршэнне будаўніцтва і поўны ўвод БелАЭС магутнасцю 2,4 тысячы МВт прадугледжвалі у 2019−2020 гадах. Урачыста адкрылі станцыю 7 лістапада 2020 года. Але ўжо 8 лістапада яна перастала выпрацоўваць электрычнасць з-за выбуху двух трансфарматараў. Усяго за два гады працы станцыя была ў прастоі амаль палову часу, падлічыла Zerkalo. Прыпынкі ў працы не зніклі нават пасля вываду энергаблока на поўную магутнасць у студзені 2021 года і ўводу яго ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года.

За першы год працы станцыю адключалі ад сеткі восем разоў, самы доўгі прастой працягваўся 84 дні, расказваў расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. Яшчэ адной магчымай прычынай частых прастояў ён назваў эканамічную. Беларусь добра сябе адчувае і без гэтай электрастанцыі, і ўвод такога вялізнага аб’екта для невялікай эканомікі неабгрунтаваны, адзначаў ён.

25 красавіка 2021 года ад імя работнікаў БелАЭС на сайце станцыі з’явілася паведамленне аб тым, што на працягу ўсёй будоўлі на аб’екце адбываліся аварыі і паломкі, сістэмы не адладжаныя да канца, гэта выклікае пастаянныя праблемы ў абсталявання, а рамонтныя работы праходзяць у небяспечных умовах. У Мінэнерга тады заявілі, што сайт узламаны, а інфармацыя ў паведамленні — фэйк.

Чытайце таксама: Мірнага атама не існуе, а БелАЭС можа стаць аб’ектам шантажу. Якія новыя радыяцыйныя рызыкі стварыла вайна ва Украіне