Міжнародную грамадскую арганізацыю “Клуб “Гервечай” ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Пасяджэнне запланавана на 23 лістапада. Арганізацыя прапрацавала амаль 30 гадоў і развівала супрацоўніцтва Літвы і Беларусі. Яна “падтрымлівала курс кіраўніцтва” Беларусі.
UPD 13 снежня. Міжнародную грамадскую арганізацыю “Клуб “Гервечай” ліквідавалі 23 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе. Прадстаўнікі арганізацыі на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Аб’яднанне ліквідавалі з-за непрадстаўлення ім на працягу трох гадоў запар ва ўстаноўлены тэрмін звестак, прадугледжаных абз. 5-10 ч. 6 арт. 20 законам “Аб грамадскіх аб’яднаннях”: інфармацыю аб сябрах, дзейнасці, мерапрыемствах. Такое рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў.
Ісцец – Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя – Юрый Карэцкі.
Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна. Гэта адна з літоўскіх арганізацый – раней іх было шэсць. Раней арганізацыя арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і Пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі. Старшыня абшчыны – Аўгуліс Альфонсас Стасіа.
У арганізацыі было 394 членаў. Мэты арганізацыі – супрацоўніцтва і ўмацаванне даверу і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. Яны адзначылі, што арганізацыя “падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь”.
Таксама ў Рымдзюнах была школа з літоўскай мовай навучання. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. У 2022 годзе школу русіфікавалі – рашэнне прынята ў сувязі з навінамі ў Кодэксе аб адукацыі. Усяго, паводле апошніх звестак, у Астравецкім раёне пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасці.
Таксама раней ліквідавалі грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Гімціне”.



