Клірык Гродзенскай дыяцэзіі «стукаў» на сваіх калегаў, сцвярджае BYPOL. Былога палітвязня з Гродна знайшлі павешаным у СІЗА Варшавы. Палітвязень журналіст Алесь Любянчук у калоніі пакутуе ад хваробы хрыбетніка. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 6 па 12 лістапада.

Новыя «тэрарысты»

Янкоўскі Арцём Сяргеевіч з Гродзенскай вобласці папоўніў «спіс тэрарыстаў». Яго абвінавачваюць паводле арт. 293 КК «Масавыя беспарадкі».

Палітвязень журналіст Алесь Любянчук у калоніі пакутуе ад хваробы пазваночніка

Былога журналіста «Белсату» Алеся Любенчука асудзілі за нібыта стварэнне экстрэмісцкай арганізацыі на тры гады зняволення і трымаюць у калоніі № 15 пад Магілёвам. Яшчэ ў 2022 годзе, у мінскім СІЗА, у палітвязня абвастрылася хвароба хрыбетніка, і цяпер гэта для яго самае праблемнае пытанне, распавяла «Свабодзе» пра Любенчука дасведчаная крыніца.

«Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго прыкметна засмучае», — кажа крыніца.

Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы правадоў ад ізаляцыі. «Прызнаваўся, што праца гэтая цяжкая і шкодная для здароўя, але даводзіцца трываць», — паведаміла крыніца.

Аляксандр Любянчук.
Аляксандр Любянчук. Фота: «Вясна»

Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя:

  • Telegram-канал «Народная Амбасада Беларусi у Iзраiлi»,
  • Лагатып Telegram-канала «Народная Амбасада Беларусi у Iзраiлi»,
  • Telegram-канал «Канал народного посольства Беларуси в Черногории» і яго лагатып,
  • Telegram-канал «Народное посольство Беларуси в Литве» і яго лагатып,
  • Telegram-канал «Кепскiя Гены».

Так вырашыў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 1, 2 і 8 лістапада 2023 года.

BYPOL: клірык Гродзенскай дыяцэзіі «стукаў» на сваіх калегаў

BYPOL са спасылкай на ўдзельнікаў плана «Перамога» сцвярджае, што атрымаў звесткі аб супрацоўніцтве з сілавікамі протаіерэя Гродзенскай епархіі Аляксандра Казакевіча, піша «Хрысціянская візія».

З перададзенай інфармацыі вядома, што святар паведамляў сілавікам пра іншых клірыкаў дыяцэзіі і нават архіепіскапа Арцемія (Кішчанку), калі заўважаў за імі прыкметы пратэстнай дзейнасці.

З паказанняў Казакевіча вынікае важная дэталь: ён сцвярджае, што 70% гродзенскага духавенства падтрымлівала ініцыятывы ў падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Аляксандр Казакевіч
Аляксандр Казакевіч. Фота: BYPOL

Паўла Мажэйку этапавалі ў калонію. Якую — пакуль невядома

Палітвязня гродзенскага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калонію. Пра гэта паведаміла яго жонка Ірына Чарняўка, піша БАЖ.

У якой калоніі будзе адбываць прысуд журналіст — пакуль невядома. Як і тэрмін, колькі працягнецца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у Гродзенскім абласным судзе
Павел Мажэйка ў Гродзенскім абласным судзе. Фота: БелТА

Новыя «экстрэмісты»

Дуброўшчык Валянцін Уладзіміравіч з Гродна 10 лістапада папоўніў «спіс экстрэмістаў».

За абразу Лукашэнкі ў Гродне да двух гадоў «хіміі» асудзілі мінчука

У судзе Ленінскага раёна Гродна 30 кастрычніка вынеслі прысуд жыхару Мінска Вячаславу Чарнецкаму, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 КК. Справу разглядала суддзя Наталля Козел, паведамляе «Вясна».

Праўладныя Telegram-каналы паведамлялі, што мужчыну затрымалі ў канцы ліпеня ў Гродне, калі ён летам вяртаўся з-за мяжы ў Беларусь і што ён нібыта напісаў каля 1 000 каментароў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах.

Вячаслаў Чарнецкі - жыхар Мінска, жанаты, захапляўся пейнтболам. Паведамляецца, што сілавікі змаглі знайсці яго, паколькі Вячаслаў падпісаў свой акаўнт у Telegram сапраўднымі імем і прозвішчам.

Па матэрыялах абвінавачвання, Чарнецкі размясціў каментары ў Telegram-канале «Реальная Беларусь». Як устанавіла экспэртыза, «у тэксце каментароў маецца негатыўная ацэначная моўная адзінка, якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання на адрас Лукашэнкі і прэзідэнта Расійскай Федэрацыі».

Суд прызначыў Чарнецкаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Вячаслаў Чарнецкі
Вячаслаў Чарнецкі. Фота: «Вясна»

Гродзенца асудзілі за падпіску на групу «GrodnoNews» ВКонтакте

18 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна разгледжелі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП. Гродзенец нібыта захоўваў з мэтай распаўсюджвання на старонцы ВКонтакте суполку «Новости Гродно/Grodno.news», прызнаную экстрэмісцкай. Яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) і канфіскавалі канфіскаваны тэлефон.

З палітвязнем Уладзімірам Гундарам пасля доўгага маўчання аднавілася сувязь

Родныя атрымалі ад яго кароценькія лісты, даведаліся, што ён жывы, нармальна сябе адчувае. Яму даюць таблеткі ад ціску. Ліст да Уладзіміра не прапусцілі з-за засушанага маленькага кляновага лісточка, паведамляе racyja.com.

Асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму палітвязень Гундар на тры гады пераведзены па рашэнні суда з бабруйскай калоніі ў крытую магілёўскую турму № 4.

Уладзімір Гундар. Фота: "Гродзенскай праўды"
Уладзімір Гундар. Фота: «Гродзенскай праўды»

Палітвязень Андрэй Герасімовіч выйшаў на волю

Гэта былы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК «Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» і арт.342 КК «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ён прызнаў сябе вінаватым часткова. 18 чэрвеня 2021 года яму прысудзілі 2,5 года калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда, паведамляе «Вясна».

Тэрмін хлопец адбываў у бабруйскай калоніі № 2, адміністрацыя якой часта змяшчала палітвязня ў штрафны ізалятар. Нядаўна яго перавялі ў ПКТ тэрмінам на пяць месяцаў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Андрэй 8 лістапада выйшаў на волю. Перад вызваленнем апошнія восем сутак яго ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Андрей Герасимович. Фото: соцсети героя
Андрэй Герасімовіч. Фота: сацсеткі героя

У Гродзенскай вобласці прайшлі затрыманні: сілавікі зноў прыйшлі на дзяржпрадпрыемствы

Сілавікі прыйшлі на Лідскі завод электравырабаў, Навагрудскі завод газавай апаратуры і шчучынскі завод «Аўтаправод». Таксама паведамляюць пра затрыманні ў Міры і Ваўкавыску.

Лідскі завод электравырабаў.
Лідскі завод электравырабаў. Фота: lidanews.by

За распаўсюд «экстрэмізму» судзілі лекара-неанатолага, супрацоўніцу БХМД, дзяржпрадпрыемстваў і беспрацоўнага

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прайшлі ў Гродне, Лідзе і Смаргоні. Аб пастановах стала вядома з банка судовых пастаноў.

Былога палітвязня з Гродна знайшлі павешаным у СІЗА Варшавы

Кірыла Кетурку — былога палітвязня з Гродна — знайшлі мёртвым у камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Гэта адбылося 20 кастрычніка 2023 года, але пра здарэнне стала вядома публічна толькі 13 лістапада. Папярэдняя версія следства — суіцыд. Кірылу было 19 гадоў.

Кірыл Кетурка - былы палітзняволены
Кірыл Кетурка. Фота: «Вясна»

У Гродне затрымалі сямейную пару. Іх плакат з пратэстаў палічылі паклёпам і не толькі

Сілавікі прыйшлі да гродзенскай сям'і. Мужчыну затрымалі, а жанчыну пакінулі дома з «міласэрнасці» да іх непаўналетніх дзяцей. Гродзенца затрымалі на вуліцы, абклаўшы тварам у зямлю. Ён распавёў, што выходзіў на мітынг на плошчу ў Гродне. Разам з жонкай ён нёс плакат. Надпіс на ім палічылі паклёпам і асуджэнняў праваахоўных органаў.

Затрыманне ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманне ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне на паклон да Леніна прыйшлі камуністы, камсамольцы і нават ліберальныя дэмакраты

Каля 60 чалавек сабралася 7 лістапада пад помнікам Леніну ў Гродне, каб адзначыць 106-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. У руках былі не толькі сцягі СССР, камсамолу, сучасны чырвона-зялёны дзяржаўны сцяг, але і сцяг умоўных «ліберальных дэмакратаў» Гайдукевіча.

7 лістапада 2023 - мітынг ля помніка Леніну ў Гродне
7 лістапада 2023 — мітынг ля помніка Леніну ў Гродне. Фота: grodnonews.by