Горад

Зрабіць вандроўкі па горадзе зручнымі: што такое бясшвоўнасць перасоўвання і як яе дасягнуць

Чаму чакаць паўгадзіны перасадкі з аўтобуса на тралейбус — гэта не ок? Колькі часу наогул мусіць займаць вандроўка па горадзе? Як мусяць выглядаць білеты на грамадскі транспарт? Гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з бясшвоўным перасоўваннем і сістэмай мабільнасці ў беларускіх гарадах, абмеркавалі з архітэктаркай Ілонай Эльяшэвіч з Менскай урбаністычнай платформы ў падкасце «Утульны горад».

Слухайцы выпуск цалкам у аўдыёверсіі або чытайце тэзісна і ў вялікім скароце ніжэй.

У вялікіх гарадах, каб патрапіць з аднаго пункта ў іншы, даводзіцца карыстацца грамадскім транспартам. Часта мы нават не можам абысціся адным сродкам транспарту: даводзіцца, напрыклад, перасаджвацца з аўтобуса на тралейбус. Невялікія адлегласці мы можам прайсці пешшу або арандаваць ровар ці самакат. Калі мы гладка і без асаблівых намаганняў трапляем у патрэбнае месца праз розныя сродкі транспарту, то можна казаць пра бясшвоўнасць перасоўвання.

«Швы» ў сістэме мабільнасці

У ідэальнай сітуацыі чалавеку, каб патрапіць з адной кропкі на мапе ў іншую, не трэба прыкладаць асаблівыя фізічныя і інтэлектуальная намаганні, доўга чакаць і цярпець нязручнасці. Як праверыць, наколькі добра наладжана сістэма мабільнасці ў горадзе? Лепш за ўсё зрабіць гэта на людзях, якія ўпершыню прыехалі ў гэты горад. Сталыя жыхары і жыхаркі адаптаваліся да пэўных нязручнасцей і навучыліся іх абыходзіць. Іншагароднім жа даводзіцца арыентавацца ў новым асяроддзі ўпершыню.

Трамвай у Віторыя-Гастэйс, Іспанія. Фота: David Vives, unsplash.com

Напрыклад, для новых карыстальнікаў і карыстальніц стаць перашкодай у падарожжы можа аплата праезду. Гэта адбываецца, калі білеты на грамадскі транспарт немагчыма набыць проста на прыпынку або ў кіроўцы. Або калі цяжка разабрацца, які менавіта білет патрэбны і як яго потым пракампаставаць. Часта бывае ўвогуле цяжка зарыентавацца, які прыпынак грамадскага транспарту патрэбны і дзе потым шукаць канкрэтны адрас.

Гэта кажа аб тым, што гарадская сістэма мабільнасці ў прынцыпе не зручная ні для каго. Тыя ж гараджане і гараджанкі, якія добра арыентуюцца на звычных маршрутах, могуць блукаць, калі апынуцца ў малазнаёмай частцы горада.

Мабільнасць як паслуга

Падарожжа па горадзе не будзе зручным для большасці гараджан і гараджанак, калі гарадскія ўлады не плануюць мабільнасць адмыслова. Расклад грамадскага транспарту, роварныя дарожкі, аплата білетаў - усё мусіць быць прадумана і ўзаемаінтэгравана.

Для гэтага варта спраектаваць шлях карыстальніка ці карыстальніцы: прыблізна так, як гэта робіцца, калі распрацоўваюць сайты і мабільныя аплікацыі. Калі мы пачынаем аналізаваць, як людзі рухаюцца, у якім напрамку перасоўваюцца, якія праблемы іх напаткаюць на шляху і як іх можна вырашыць, то гэта ўжо не проста праектаванне сістэмы гарадскога транспарту, а распрацоўка паслугі ў галіне мабільнасці.

Падыход да праектавання сістэмы мабільнасці ў горадзе, калі мы арыентуемся на шлях карыстальніка ці карыстальніцы, называецца мабільнасць як паслуга (MaaS — mobility as a service)

Калі гарадскія ўлады прытрымліваюцца гэтага падыходу, то імкнуцца нейкім чынам інтэграваць грамадскі транспарт і прыватныя паслугі (таксі, пракат ровараў, каршэрынг). Напрыклад, стварыць мабільны дадатак, які аўтаматычна будзе прапанаваць маршрут з некалькімі варыянтамі: паехаць на грамадскім транспарце, выклікаць таксі ці ўзяць ровар.

Чытайце таксама:

Таксама важны аспект — сістэма продажу білетаў. У большасці гарадоў, якія прытрымліваюцца прынцыпаў MaaS, выкарыстоўваюць білеты, якія пасуюць для ўсіх відаў транспарту і дзейнічаюць пэўны час. Напрыклад, калі вы набываеце білет, які дзейнічае гадзіну і тры разы робіце перасадку на розныя тралейбусы ці аўтобусы, вам не трэба ў кожным з іх кампаставаць новы білет. Дастаткова зрабіць гэта адзін раз, і на працягу гадзіны карыстацца ім ва ўсіх сродках транспарту. То-бок з аднаразовых талонаў адбываецца пераход на ўмоўныя «праязныя на ўсе віды транспарту». Яны могуць быць кароткатэрміновымі - ад некалькіх хвілін да некалькіх дзён, ці доўгатэрміновымі - на некалькі месяцаў.

Больш падрабязна пра тое, як зараз выглядае сістэма мабільнасці ў беларускіх гарадах і што было б варта ў ёй змяніць — у падкасце.

Падзяліцца

Апошнія запісы

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025

У Беларусі распрацуюць экскурсію па храмах і могілках Воранаўшчыны

У Нацыянальным агенцтве па турызме прапануюць распрацаваць экскурсію "Па святынях Воранаўшчыны". Аўтар зможа зарабіць 2820…

23 красавіка 2025

Дом быту ў Гродне прадалі на аўкцыёне з пятай спробы

Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…

22 красавіка 2025

У гродзенскіх гатэлях амаль не засталося месцаў на травеньскія святы

У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…

22 красавіка 2025