Часта навігацыяй памылкова называюць указальнікі і шыльды з інфармацыяй аб тым, куды гараджане і гараджанкі мусяць кіравацца. Аднак такія знакі больш карэктна называць «элементамі навігацыі». Бо навігацыя — гэта ўся сукупнасць транспартных сістэм, якая адказвае на пытанне: «Якім чынам можна патрапіць у пэўнае месца?»

Пра гарадскую навігацыю слухай у новым выпуску падкаста «Утульны горад». Або чытай у скароце асноўныя тэзісы размовы ніжэй.

У сучасных вялікіх гарадах немагчыма зрабіць так, каб гараджане і гараджанкі арыентаваліся без дадатковай дапамогі. Немагчыма запомніць назвы соцень вуліц і ўсе аб’екты, якія на іх знаходзяцца. Тым больш, што ў гарадах увесь час узнікаюць новыя будынкі і новыя вуліцы. Таму нават карэнным жыхарам і жыхаркам бывае складана арыентавацца ў родным горадзе і цяжка знайсці патрэбны адрас. Няма чаго і казаць пра людзей, якія трапляюць у горад упершыню.

Каб не заблукаць і патрапіць у патрэбны пункт, акурат і існуе гарадская навігацыя. Калі навігацыя ў горадзе якасна прапрацавана, то ў нікога не ўзнікае пытанне, як карыстацца транспартам, аплачваць праезд, дзе шукаць тую ці іншую вуліцу і дом.

Як стварыць зручную навігацыю?

Як толькі ў карыстальнікаў і карыстальніц узнікае пытанне, яны адразу мусяць атрымліваць на яго адказ. Напрыклад, нам трэба прайсці на вуліцу Віленскую. Дзе для гэтага трэба павярнуць на скрыжаванні? Калі на скрыжаванні ўжо стаіць указальнік, які падказвае, дзе вуліца Віленская, мы хутка знаходзім адказ на пытанне.

Калі на вуліцы Віленскай нам патрэбны дом нумар 3, то вялікія лічбы на сценах дамоў таксама нам дапамогуць. Калі мы зробім усе свае справы па вуліцы Віленскай 3, то зразумелая мапа грамадскага транспарту на прыпынку падкажа, на якім аўтобусе патрапіць дамоў.

Указальнікі ў цэнтры Гродна з надпісамі па-беларуску: кірыліцай і лацінкай. Гэта гарадская навігацыя
Гарадская навігацыя: указальнікі ў цэнтры Гродна з надпісамі па-беларуску (кірыліцай і лацінкай). Так яны выглядалі яшчэ летась, але ў 2023 іх пачалі замяняць. Фота: Urban Hrodna

Акрамя таго, што ўказальнікі мусяць знаходзіцца менавіта там, дзе ў нас узнікаюць пытанні, яны яшчэ мусяць выглядаць пэўным чынам. Калі чалавеку даводзіцца прыкласці намаганні, каб зразумець, што напісана на нейкай шыльдзе, то хутчэй за ўсё з гэтай шыльдай нешта не так. Указальнікі мусяць быць мінімалістычнымі і ўтрымліваць толькі самую важную інфармацыю пра пэўны аб’ект.

Некалькі падказак стваральнікам гарадской навігацыі

Як канкрэтна мусіць выглядаць той ці іншы ўказальнік, вядома, лепей вырашаць спецыялістам і спецыялісткам па навігацыі на месцы. Але некаторыя правіл усё ж існуюць.

  1. Усе элементы навігацыі ў адным месцы мусяць быць выкананы ў адным стылі. Калі на розных дамах адной вуліцы назва гэтай самай вуліцы напісана рознымі шрыфтамі, колерамі і, што часта здараецца ў Беларусі, нават мовамі, то ні пра якую зручнасць і аднастайнасць гаворка не ідзе.
  2. Няма неабходнасці змяшчаць на ўказальніку больш за дзве мовы: людзі, якія ўмеюць чытаць кірыліцай, разбяруцца з тым, што напісана па-беларуску, а людзям, якія ўмеюць чытаць лацінку, дапаможа беларуская лацінка. Няма ніякай практычнай патрэбы змяшчаць на ўказальніку яшчэ, напрыклад, рускую мову.
  3. Шрыфты мусяць быць напісаны кантрасным да фону колерам. Не варта надаваць колеру шрыфту яшчэ нейкую функцыю. Калі трэба пазначыць указальнік нейкім колерам (напрыклад, каб паказаць, якая гэта лінія метро ці напрамак тралейбуса), дастаткова пазначыць гэтым колерам акантоўку ўказальніка.

Слухайце таксама ў падкасце «Утульны горад»: