Трох палітвязняў пераводзяць з калоніі ў турмы. Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў ПКТ і не атрымлівае лекаў ад сэрца. Затрыманні прайшлі ў шасці гарадах Гродзенскай вобласці. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 23 па 29 кастрычніка.
Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
Суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 18 і 19 кастрычніка 2023 года прызнаў экстрэмісцкімі:
- Telegram-канал «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус»,
- YouTube-канал «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус»,
- Лагатып Telegram-канала «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус» і YouTube-канала «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус» — два злучаныя крыжы чырвонага колеру, размешчаныя на шчыце з надпісам «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус».
- Telegram-канал «Народныя Амбасады Беларусi»,
- Лагатып Telegram-канала «Народныя Амбасады Беларусi» — акружнасць, якая абазначае зямны шар з мерыдыянамі, у цэнтры якога размешчана шырокая паласа чырвонага колеру з беларускім арнаментам, які сімвалізуе агонь, ачышчаючы энергію.
- Telegram-канал «Народная Амбасада Беларусi у Iталii»,
- Лагатып Telegram-канала «Народная Амбасада Беларусi у Iталii» — акружнасць, якая абазначае зямны шар з мерыдыянамі, у цэнтры якога размешчана шырокая паласа чырвонага колеру з беларускім арнаментам, які сімвалізуе агонь, ачышчаючы энергію з выявай італьянскага флага.
Таксама суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 23−24 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкімі:
- Тelegram-канал «Квят-агляд»;
- Лагатып Тelegram-канала «Квят-агляд», які прадстаўляе сабой фатаграфію мужчыны;
- Тelegram-канал «NADZEYA INFO Belarus in UK»;
- Facebook-акаўнт «NADZEYA-BY.co.uk»;
- Лагатып Telegram-канала «NADZEYA INFO Belarus in UK», які ўяўляе сабой акружнасць белага колеру, усярэдзіне якой утрымоўваецца малюнак жаночага профіля з каронай на галаве, які мае працяг у выглядзе геаметрычнай постаці (чырвонага колеру) з надпісам — Long live Belarus;
- Лагатып Facebook-акаўнта «NADZEYA-BY.co.uk», які уяўляе сабой акружнасць белага колеру, усярэдзіне якой утрымоўваецца малюнак жаночага профіля з каронай на галаве, які мае працяг у выглядзе геаметрычнай постаці (чырвонага колеру) з надпісам Long live Belarus і назвай Facebook-акаўнта «NADZEYA-BY.CO.UK»;
- Telegram-канал «Skaryna Library and Museum»;
- Лагатып Telegram-канала «Skaryna Library and Museum», які ўяўляе сабой партрэт Францыска Скарыны з тэкставым подпісам — найменнем канала.
Піццайола з Гродна асудзілі на пяць гадоў за заклікі да масавых беспарадкаў
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прысуд піцайола гродзенскай піцэрыі Сяргею Ботвічу, абвінаваціўшы яго ў масавых беспарадках па ч.1 арт. 293 КК. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, прадстаўнік абвінавачвання — Краўчук, паведамляе «Вясна».
Па матэрыялах абвінавачвання, Сяргей Ботвіч, у мэсэнджары «Telegram», будучы актыўным удзельнікам чата «Гродно 97%» «з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў, узбуджаючы ў карыстальнікаў мэсэнджара „Telegram“ рашучасць удзелу ў масавых беспарадках… ажыццяўляў перапіску ў асабістым чаце з неўстаноўленым карыстальнікам аб неабходнасці ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, транспартных сродкаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, падпаламі, гатоўнасці выкарыстання пры здзяйсненні злачынных дзеянняў бутэлек з запальнай сумессю (кактэйль Молатава), пры гэтым не давёў свой злачынны намер, накіраваны на арганізацыю масавых беспарадкаў да канца».
Сяргей у судзе сваю віну прызнаў часткова, а вось прадстаўнік лінгвістычнага эксперыменту — дацэнт кафедры рускай філалогіі мясцовага ўніверсітэта патлумачыла суду, што пакінутыя ім каментары ў сукупнасці з каментарамі, размешчанымі да і пасля складзеных ім тэставых паведамленняў, падахвочваюць да новых відаў пратэсту, грубага і жорсткага сілавога іх рашэння.
Суд прызначыў Ботвічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Гродзенца асудзілі на хатнюю хімію за акцыю пратэсту
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 5 кастрычніка вынесены прысуд 37-гадоваму кіроўцу Дзянісу Цярэшку. Суддзя Віталь Лабоцкі абвінаваціў яго арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх паводле ч.1 арт. 342 КК, паведамляе «Вясна». .
Да затрымання Дзяніс Цярэшка працаваў кіроўцам у літоўскай транспартнай кампаніі, у яго ёсць непаўнагадовае дзіця.
Па матэрыялах абвінавачвання, Цярэшка ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у шэсці па вуліцах Гродна. Пры гэтым нібыта дэманстраваў свой намер аказваць непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў працы грамадскіх і камерцыйных устаноў, а таксама міні-рынку, разам з іншымі ўтвараў «счэпкі», знаходзіўся на праезнай частцы дарогі, ажыццявіў блакаванне праезнай часткі праспекта Янкі Купалы.
Сваю віну Дзяніс прызнаў часткова, адмовіўшыся ад таго, што ён перашкаджаў працы грамадскага транспарту.
Суд прызначыў Цярэшку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў. Матэрыяльную прэтэнзію аўтапарка аплаціў падчас следства.
23-гадовага гродзенца асудзілі на тры месяцы арышту за сарваны сцяг
У судзе Ленінскага раёна Гродна 27 верасня асудзілі Сяргея Змітровіча па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Суддзя Алена Пятрова прызначыла Сяргею тры месяцы арышту, паведамляе «Вясна».
23-гадовага Сяргея абвінавацілі ў тым, што ён 25 чэрвеня ноччу пасля ўжывання алкаголю з сябрамі сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка інтэрната ў Гродне і забраў яго з сабой, пасля чаго выкінуў сцяг на вуліцы недалёка ад будынка. Сцяг разам са дрэўкам суд ацаніў у 35 рублёў 70 капеек. Мужчына цалкам прызнаў віну.
Сяргею залічылі ў тэрмін арышту ўтрыманне пад вартай. Суд палічыў прызначанае пакаранне цалкам адбытым і вызваліў мужчыну ў судовай зале.
Палітвязня Уладзіміра Гундара перавялі на тры гады ў турму
З баранавіцкім палітвязнем Уладзімірам Гундарам аднавілася сувязь — ад яго не было звестак 2,5 месяца. У сваім лісце ад 15 кастрычніка ён паведаміў, што пераведзены на турэмны рэжым на тры гады рашэннем суда, паведамляе «Вясна. Брэст».
З трох месяцаў, якія ён правёў у бабруйскай калоніі, два месяцы ён правёў у ШІЗА. У магілёўскай турме, дзе цяпер знаходзіцца Гундар, ён абмежаваны ў «атаварцы» — можа рабіць пакупкі на 37 рублёў на месяц, і можа мець толькі адно доўгатэрміновае спатканне на год. Палітвязень распавёў, што за ўвесь гэты час ён не атрымаў ніводнага ліста ад сям'і.
Раней Уладзіміра Гундара прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму.
Яшчэ адзін перавод у турму
На турэмны рэжым збіраюцца перавесці яшчэ аднаго фігуранта справы Аўтуховіча — Паўла Рэзановіча. У судзе Шклоўскага раёна 30 кастрычніка пройдзе суд «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змене ўмоў рэжыму», паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Ліквідуюць «Таварыства Элізы Літвінкі»
Праз Гродзенскі абласны суд 2 лістапада ліквідуюць культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Таварыства Элізы Літвінкі», паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Жанна Краўчанка. Арганізацыю зарэгістравалі ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна ў 2020 годзе. У арганізацыі - 19 чалавек.
Сярод мерапрыемстваў арганізацыі - удзел у мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
У Гродне затрымалі айцішніка
Вадзіма Вашчанку затрымалі за негатыўныя каментары ў адрас супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram і падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Таксама яго абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразе супрацоўнікаў міліцыі і кіраўніцтва краіны.
Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў ПКТ і не атрымлівае лекаў ад сэрца
Гэта турбуе яго блізкіх. Выдача лекаў з’яўляецца абавязкам адміністрацыі наваполацкай калоніі, паколькі праблемы з сэрцам пазначаны ў медыцынскай карце Анджэя. Таму прыхільнікі разглядаюць гэта як катаванні, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
У ПКТ Пачобут прабудзе да лютага.
Новыя «палітвязні»
Аляксей Ярашэвіч з Ваўкавыска і Мікалай Лагута са Слоніма 27 кастрычніка прызнаныя палітвязнямі.
Палітвязня Андрэя Сачэўку перавялі ў магілёўскую турму № 4
У канцы жніўня адбыўся судовы працэс па пераводзе палітвязня з Гродна Андрэя Сачэўкі на турэмны рэжым. Як стала вядома MAYDAY TEAM, Андрэя Сачэўку ўжо перавялі ў новую пенітэнцыярную ўстанову — магілёўскую турму № 4.
У бабруйскай папраўчай калоніі № 2, дзе адбываў свой тэрмін Сачэўка, на яго аказваўся вялікі ціск з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі. У пачатку жніўня мужчыну адправілі ў памяшканне камернага тыпу на два месяцы. Да гэтага Сачэўку пратрымалі 23 сутак у штрафным ізалятары. Яшчэ тады яму заявілі, што на яго будуць ціснуць праз ягоныя «няправільныя погляды».
Новыя «экстрэмісты»
Ботвіч Сяргей Лявонцьевіч і Цярэшка Дзяніс Мікалаевіч з Гродна папоўнілі «спіс экстрэмістаў».
У Слоніме ліквідуюць дзіцячы хоспіс. Ён дапамагае хворым дзецям і іх бацькам
У Гродзенскім абласным судзе ліквідуюць Слонімскую грамадскую дабрачынную арганізацыю «Дзіцячы хоспіс. Паліятыўная дапамога дзецям». Паседжанне пройдзе 27 кастрычніка.
Арганізацыя зарэгістраваная з 2007 года. У ёй працавалі 11 чалавек, у тым ліку старшыня, бухгалтар і вадзіцель. Да каранавіруса там працаваў і педагог. Мэта арганізацыі - паліятыўны патранаж безнадзейна хворых дзяцей з абмежаваным тэрмінам жыцця і аказанне ўсебаковай дапамогі членам іх сем’яў як падчас догляду хворага дзіцяці, так і пасля яго смерці.
У Лідзе пасля масавых затрыманняў прайшлі суды: ад штрафу да арышту
У судзе Лідскага раёна за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП вынеслі некалькі рашэнняў. Сярод асуджаных — удава з малалетнім дзіцем і мужчына з інвалідам першай групы на ўтрыманні.
Беларускі праваслаўны прыход у Вільні прызналі «экстрэмісцкім»
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі Telegram-канал «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi». Гэта канал прыхода, які арганізавалі ў эміграцыі святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта.
Яго прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 20 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Таксама суды розных раёнаў Беларусі цягам 19−20 кастрычніка прызналі экстрэмісцкім Instagram-старонку «volnyjaa „Вольныя Iнiцыятыва дапамогi вольным палiтвязням Беларусi“».
Сілавікі правялі затрыманні ў Шчучыне: прыйшлі ў адну дзяржструктуру
Затрыманні прайшлі ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Шчучыне. Пра гэта паведамілі ў мясцовым Telegram-канале сілавікоў. Цягам двух дзён там затрымалі некалькі супрацоўнікаў. Іх прыцягнулі да адказнасці за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.
Масавыя затрыманні працягваюцца: у Ваўкавыску і Навагрудку
Сілавікі правялі затрыманні ў Ваўкавыску і, паводле некаторых звестак, у Навагрудку. Сярод затрыманых — работнік Ваўкавыскай ЦРБ. Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У відэа жыхар Ваўкавыскага раёна паведаміў, што на працы яго азнаёмілі з адказнасцю за падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы.
Таксама за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пасля папярэджання на працы затрымалі супрацоўніка «Белтэлекам». Мужчына таксама ўдзельнічаў у мітынгах у 2020 годзе.
Таксама затрыманні праходзяць на Навагрудскім масларобным камбінаце. Не менш як тры чалавекі затрымалі на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры.
Сілавікі ў рэгіёнах: прайшлі затрыманні на «Лідскім піве» і ў Карэлічах
У Карэлічах АМАП затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме. 27 кастрычніка каля 10.00 на прадпрыемстве «Лідскае піва» затрымалі як мінімум шэсць чалавек.
Паводле інфармацыі Telegram-канала «Задержания, суды в Лиде», затрымалі восем чалавек, у тым ліку пяць жанчын. Яшчэ адну работніцу затрымалі дома — яе не было на заводзе пасля начной змены. Таксама затрымалі былую супрацоўніцу завода. Затрыманні прайшлі ў адміністрацыі, аддзеле лагістыкі, аддзеле кантролю якасці і вытворчым аддзеле. Жанчын адпусцілі дадому, мужчыну пакінулі ў лідскім ізалятары. Суд адбудзецца на наступным тыдні.
Гродзенскі аблвыканкам забараніў Хэлоўін: чыноўнікі тэлефануюць прыватнікам з пагрозамі
Распараджэнне аб забароне Хэлоўіна разаслаў напярэдадні свята Гродзенскі аблвыканкам. Атрымальнікі — Гродзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксте ліста чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята „Хэлоўін“». Забараняецца любая яго атрыбутыка — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі.