Памяшканні на Кірава, 3, якія доўга пуставалі, знайшлі новага арандатара. У зачыненым раней кафэ AvaCava можа адкрыцца Insta-кавярня. На месца бара “Карсар” у суседнім памяшканні заехала тыпаграфія “Айспрынт”.
Insta-кафэ, паводле інфармацыі Hrodna.life, будзе выканана ў яркіх танах. У ім будзе шмат ружовага колеру і фотазон – акурат для аматараў сэлфі.
Яшчэ ў верасні абодва памяшканні былі выстаўлены на арэнду ці продаж. Потым статус у аб’яве змяніўся – “на задатку”. Яшчэ пазней аб’явы знялі.
Таксама вядомы лёс памяшкання на другім паверсе, якое здымала крама “Феафанія”. Тое памяшканне арэндуе адна з IT-кампаній.
Чым запомніліся “Карсар” і AvaCava
Бар “Карсар” адкрыўся на Кірава, 3 вясной 2018 года. Інтэр’ер быў вытрыманы ў “пірацкай” тэматыцы. Пазней там некалькі разоў мяняліся ўладальнікі, але за ўстановай замацаваўся імідж месца, дзе можна было патрапіць у бойку. А яшчэ тамака праходзілі дзіўныя тусоўкі.
Кавярня AvaCava двойчы адчынялася на тым жа месцы – у суседнім памяшканні з «Карсарам». Там праходзілі выставы, паэтычныя вечары, канцэрты, вечарыны.
Гістарычная даведка па Кірава, 3
Кірава, 3 – будынак 1878 года, які прызналі аварыйным і адсялілі ў 2008 годзе. Яго амаль поўнасцю перабудавалі з нуля падчас рэканструкцыі ў 2016 годзе.