«Уяўляеце, тры тыдні! Тры тыдні я вяртаўся дамоў у чатыры раніцы. А ў дзевяць ранку ўжо быў на працы», — не хавае эмоцый дырэктар бара Мікола на адкрыцці 31 сакавіка. Менавіта за такі кароткі час стваральнікі абсталявалі памяшканне. Пакуль ён працуе ў дэма-рэжыме і афіцыйнае адкрыццё плануецца бліжэй да лета. Але выпіць «пірацкі» экстрымальны кактэйльчык у інтэр'еры карабельнага трума можна ўжо зараз.

Галоўная фішка ўстановы — экстрымальныя вогненныя кактэйлі. Іх гатуе бармен Ігар. Наведвальнікаў у час шоў просяць адыйсці падалей, так што гэта цалкам бяспечна і эфектна. У бары можна пакаштаваць піва і кактэйлі з «пірацкімі» назвамі. У склад большасці з іх уваходзіць тыповы для піратаў ром (ё-хо-хо!).

На адкрыцці дыджэі гралі папулярную музыку і «класіку» кшталту Макса Каржа і вечнай «Батарэйкі». Плануецца кожныя выходныя прысвячаць пэўнаму жанру. Будуць дыскатэкі 80-х і 90-х, трэп-вечарыны, нават рок-фестывалі.

Самае тусовачнае месца?

Бар пакуль працуе ў дэма-рэжыме. Планы ў капітана (уласніка) Канстанціна Сапажкова амбітныя — зрабіць бар самым тусовачным месцам у горадзе. Таму ён будзе прыслухоўвацца да меркаванняў людзей і дарабляць тое, што ім будзе цікавым.

Дарэчы, мэбля абыйшлася ўласнікам практычна бясплатна. Яны куплялі дрэва і самі яго габлявалі ды збівалі. Шмат бясплатна дапамагалі пастаянныя кліенты First Vape Bar, які таксама належыць Канстанціну.

Бар з «агеньчыкам». У Гродне адкрыўся пірацкі “Карсар”
Дырэктар Мікола Шамарын і ўласнік Канстанцін Сапажкоў

Кінапрагляды і настолкі

Ужо плануецца летняя тэраса, дзе будуць праходзіць кінапрагляды. У бары будуць гуляць у покер і праводзіць спаборніцтвы па Xbox. Таксама ўласнік заключыў дамову з крамай-клубам настольных гульняў «Кубік». З гульнямі ад «Кубіка» можна прыйсці ў бар на бясплатную гарбату, а з чэкам з бару ўзяць настолку ў краме.

Афіцыянты-піраты і папугай

Яшчэ адной фішкай установы абяцае стаць папугай, які будзе выкрыкваць каронныя пірацкія фразы. А бармэны і афіцыянты хутка будуць абслугоўваць у піратскай форме. Таксама з’явіцца паўнавартасная кухня. Пакуль гэта проста нарэзкі і салаты.

Дырэктар установы Мікола Шамарын кажа, што плануюцца так званыя «выхады ў порт», то бок марафоны з высокаградуснымі напоямі. «Піраты на караблі не ўжывалі алкаголь. А вось пасля ўдалага захопу карабля сыходзілі ў порт і…», — шматабяцаюча замаўкае дырэктар, захоўваючы інтрыгу.