Гродзенскую блогерку Аляксандру Ханевіч будуць эвакуяваць з Ізраіля. Жанчына была там у адпачынку, калі пачалася вайна з ХАМАС. Яе шлях да Беластока будзе пралягаць праз Кіпр і Аўстрыю, паведаміў MOST.

Гродзенскую блогерку Аляксандру Ханевіч будуць эвакуяваць з Ізраіля праз Кіпр і Аўстрыю
Аляксандра Ханевіч разам з ізраільскім вайскоўцам Аляксандрам. Скрыншот: youtube.com/АЛЕКСАНДРА ХАНЕВИЧ

Аляксандры Ханевіч вырашыў дапамагчы чалавек з Асацыяцыі беларусаў Амерыкі, які папрасіў не называць яго імя. Ён набыў блогерцы білет за $ 800. Беларус, у якога Аляксандра жыве ў Ізраілі, склаў маршрут. У выніку жанчына з’едзе з Ізраіля 15 кастрычніка. Вяртацца ў Беласток яна будзе з перасадкамі на Кіпры і ў Аўстрыі, адтуль паляціць у Кракаў. Адкуль цягніком яна прыедзе ў Беласток.

Не магла звярнуцца ў беларускае консульства, але беларусы гатовыя дапамагчы

Аляксандра Ханевіч не магла звярнуцца па дапамогу ў беларускае консульства ў Ізраілі. Прычына ў тым, што яна апынулася ў Польшчы праз палітычны пераслед у Беларусі. Тады беларусы паспрыялі, каб жанчыну ўнеслі ў спісы на эвакуацыю ад консульства Польшчы. Але там ёй не хапіла месца.

Блогерцы прапаноўвалі дапамогу падпісчыкі яе YouTube-канала. Адна жанчына напісала, што знайшла Аляксандры білет, і дадала: «З'язджайце тэрмінова. Справа не жартаўлівая». Іншыя прапаноўвалі матэрыяльную дапамогу, а таксама эвакуацыю праз Эфіопію. Але ў гэтым выпадку перасадка паміж рэйсамі заняла б 20 гадзін.

У Вене блогерку павінна сустрэць беларуская сям’я, якая плануе даць ёй невялікі адпачынак паміж рэйсамі. У Кракаве Аляксандру будзе чакаць таксіст-беларус.

У Ізраілі паспела дапамагчы вайскоўцам

У пачатку вайны Аляксандра апынулася ў горадзе Мадыін. Туды яна прыехала да сваіх сяброў 6 кастрычніка. З раніцы 7 кастрычніка рух ХАМАС пачаў баявыя дзеянні.

Рух ХАМАС (Ісламскі рух супраціўлення) аб’явіў раніцай 7 кастрычніка 2023 года аб пачатку вайсковай аперацыі супраць Ізраіля. Па тэрыторыі Ізраіля выпусцілі больш за 5000 ракет. У тым ліку ракеты выпускалі па ізраільскім горадзе Ашкелон, які з 2011 года з’яўляецца горадам-пабрацімам Гродна.

Чытайце таксама: «Ёсць 30 секунд, каб схавацца». Гродзенка пераехала ў Ізраіль — і адразу трапіла ў гарачую кропку

За гэтыя дні жанчына паспела паваланцёрыць і завезці прадукты і іншыя патрэбныя вайскоўцам рэчы на тэрыторыю ў пяці кіламетрах ад зоны баявых дзеянняў.

Хто такая Аляксандра Ханевіч

Аляксандра Ханевіч — палітуцякачка з Гродна. Працавала на заводзе «Хімвалакно» ўсё жыццё, была старшынёй ветэранскай арганізацыі.

Пасля выбараў 2020 года яе затрымлівалі двойчы. Пасля другога затрымання ёй давялося здымаць пабоі. Баючыся чарговага арышту, Ханевіч з’ехала ў Польшчу разам з сынам, якога таксама затрымлівалі.

У эміграцыі Аляксандра завяла свой YouTube канал. Там яна расказвае, як гэта — пачынаць новае жыццё за мяжой.

Чытайце таксама: «Уся сям’я сабралася ў бомбасховішчы». Блогерка Аляксандра Ханевіч расказала, як сустрэла вайну ў Ізраілі