Гродзенскі ўрач-фтызіятр Аляксей Лебедзевіч заваяваў пяць медалёў на сусветным першынстве па ірландскіх танцах, якое прайшло ў Льежы. У яго актыве два золата і два серабра ў індывідуальных выступленнях, а таксама серабро ў камандных спаборніцтвах па кейлі — традыцыйным ірландскім (і шатландскім) групавым народным танцы.

Спаборніцтвы праводзіліся з 8 па 11 красавіка ў Бельгіі. Яны сабралі сотні ўдзельнікаў з Ірландыі, Германіі, Расіі, Беларусі, Шотландыі, Аўстраліі, ЗША, Нідэрландаў і іншых краін.

Аляксей — карэнны гродзенец. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён працаваў у Воранаве па размеркаванні, затым вярнуўся ў Гродна.

Танцамі ён займаецца з васьмі гадоў. Пачынаў з бальных, куды яго прывяла маці. У 2005 годзе вырашыў змяніць кірунак і заняўся ірландскімі танцамі.

Гродзенскі ўрач-фтызіятр заваяваў пяць медалёў на чэмпіянаце свету па ірландскіх танцах
Аляксей на спаборніцтвах. Фота: grodnoprofzdrav.by

— Напэўна, яны прыцягнулі сваімі рытмамі, энергіяй, экспрэсіяй, — раней расказваў ён. — Пасля школы аж да інтэрнатуры працягваў танцаваць у калектыве ALISS Sunrise. Збіраліся з хлопцамі і дзяўчатамі тры разы на тыдзень, выязджалі на спаборніцтвы. Дарэчы, ірландскія танцы — гэта не толькі жорсткі абутак, чачотка. Ёсць і віды танцаў у мяккім абутку, як сольныя, так і калектыўныя.

У 2022 годзе Аляксей Лебедзевіч стаў пераможцам абласнога этапу прафсаюзнага конкурсу «Мнагацвецце талентаў» і заняў трэцяе месца ў фінале.

Аляксей не адзіны пераможца-беларус на гэтых танцавальных спаборніцтвах. Так, дзяўчаты з гомельскай школы «Кружево шагов» узялі бронзу ў калектыўных танцах. Таксама былі сярэбраныя і бронзавыя медалі ў мінскіх школ.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы