Найлепшымі гарадамі для жыцця ў Беларусі самі жыхары назвалі Брэст, Гродна і Мінск. У іх адначасова ёсць і аб’ектыўна добрыя ўмовы для жыцця, і самі гараджане ўспрымаюць іх як добрыя месцы. Як Гродна абыйшоў у рэйтынгу Мінск і чаму саступіў Брэсту?

Цэнтр новых ідэй (ЦНІ) распрацаваў зусім новы рэйтынг — Барометр беларускіх гарадоў. Гэта дадатак да існуючага ўжо шмат гадоў Рэйтынгу беларускіх гарадоў. Розніца ў тым, што ў Рэйтынгу ацэньваюцца аб’ектыўныя паказчыкі і статыстычныя звесткі, а ў Барометры — як самі жыхары ацэньваюць свае гарады.

Топ-3 гарадоў у Рэйтынгу і ў Барометры такі ж — толькі займаюць яны ў тройцы лідараў розныя месцы.

Рэйтынг беларускіх гарадоў 2022

  1. Мінск
  2. Гродна
  3. Брэст

Барометр беларускіх гарадоў 2023

  1. Брэст
  2. Гродна
  3. Мінск

Так што паказвае Барометр беларускіх гарадоў?

Барометр беларускіх гарадоў паказвае, як самі жыхары ўспрымаюць тыя гарады і мястэчкі, у якіх жывуць. Ці падабаюцца нам умовы жыцця, ці ганарымся мы сваім месцам жыхарства, ці бачым перспектывы, каб заставацца там і г. д. Даследчыкі сцвярджаюць, што ва ўмовах утойвання ўладамі значнай часткі статыстычнай інфармацыі звесткі Барометра будуць мець дадатковую вартасць. Яны звяртаюць увагу, што ўспрыманне і ацэнка рэчаіснасці часта можа больш матываваць, чым аб’ектыўныя лічбы.

Якія перавагі ў Брэста, Гродна і Мінска?

Жыхары і жыхаркі Брэста задаволеныя ўмовамі для баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выстаў, кафэ і бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Таксама гараджане ўпэўненыя, што ў горада ёсць перспектывы развіцця.

Перавагай Гродна стаў мясцовы патрыятызм гараджан і гараджанак. Яны вельмі любяць свой горад і не хочуць яго пакідаць.

Мінск мае агулам высокія ацэнкі, але яго жыхары не вельмі задаволеныя школамі, дзіцячымі садкамі і дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Паказчык «гонар за свой горад» у жыхароў Мінска таксама не самы высокі.

Барометр беларускіх гарадоў 2023
Субіндэкс успрымання горада. Гродна займае з істотным адрывам першае месца паводле адказаў на пытанні: «Як вы ставіцеся да свайго горада? Ці падабаецца вам у ім жыць? Ці можна сказаць, што вы ганарыцеся сваім горадам? Ці хацелі б вы змяніць сваё месца жыхарства ў межах Беларусі?» Толькі паводле адказу на пытанне «Як вы ацэньваеце перспектывы свайго гораду?» Гродна апусціўся на чацвёртае месца.
Барометр беларускіх гарадоў - рэйтынг
Субіндэкс умоў жыцця. Брэст і Гродна істотна апярэджваюць іншыя гарады Беларусі паводле паказчыкаў: жытло і праца, лагістыка, ахова здароўя, умовы для дзяцей, адукацыя, сацыяльная сфера, культура, адпачынак, спорт

Гарады для жыцця і месцы роспачы

Даследчыкі Цэнтра новых ідэй паводле вынікаў падзялілі гарады Беларусі на чатыры катэгорыі:

  • Гарады для жыцця — у іх і ўмовы ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па краіне, і агульныя ацэнкі гарадоў таксама параўнальна высокія. Да такіх гарадоў адносяцца Брэст, Гродна, Ліда, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, таксама гарады сярэдніх памераў Гомельшчыны і Брэстчыны;
  • Гарады энтузіястаў — гэта тыя населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця ацэньваюцца ніжэй за сярэднія па краіне, але жыхары ўсё ж любяць іх. Гэта Віцебск, мястэчкі Міншчыны, гарады сярэдніх памераў Міншчыны і Гродзеншчыны (Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Смаргонь);
  • Гарады-расчараванні — у іх ўмовы для жыцця нібы і ёсць (ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па гарадах Беларусі), але чамусьці горад не прываблівае сваіх жыхароў. У гэтую групу трапілі Бабруйск, Салігорск і сярэдняга памеру гарады Магілёўшчыны;
  • Месцы роспачы — у населеных пунктах гэтай групы ўмовы для жыцця хутчэй незадавальняючыя, ды і самі гарады ўспрымаюцца жыхарамі не вельмі добра. Гэта такія гарады, як Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна, гарады сярэдняга памеру Віцебшчыны (Наваполацк, Полацк), а таксама мястэчкі (гарады невялікага памеру) Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Брэстчыны.
Барометр беларускіх гарадоў - рэйтынг

Як замяралі і разлічвалі вынікі Барометра?

Барометр беларускіх гарадоў стваралі паводле дадзеных сацапытання, якое ладзілі Цэнтр новых ідэй і «Народнае апытанне». Гэта было анлайн-апытанне, яно праходзіла 20−23 траўня 2023 года. У апытанні паўдзельнічалі 1966 чалавек. Як і ва ўсіх даследаваннях «Народнага апытання», ва ўдзельнікаў ёсць выразны перакос у бок пратэснай і прадэмакратычнай часткі грамадства.

Што ацэньвалі ўдзельнікі даследавання?

Удзельнікі апытання ацэньвалі з аднаго боку ўмовы жыцця ў горадзе:

  • жытло і праца;
  • лагістыка;
  • ахова здароўя;
  • умовы для дзяцей (у тым ліку адукацыя);
  • сацыяльная сфера;
  • культура, адпачынак, спорт.

З іншага боку яны ацэньвалі ўласнае ўспрыманне горада, адказваючы на пытанні:

  • Як вы ставіцеся да свайго горада?
  • Ці падабаецца вам у ім жыць?
  • Ці можна сказаць, што вы ганарыцеся сваім горадам?
  • Як вы ацэньваеце перспектывы свайго горада?
  • Ці хацелі б вы змяніць сваё месца жыхарства ў межах Беларусі?

Глядзіце ранейшыя рэйтынгі гарадоў Беларусі