У рэйтынгу беларусіх гарадоў Гродна чацвёрты год трымаецца на другім месцы пасля Мінску. Hrodna.life паглядзеў, што змянілася ў развіцці Гродна ў розных галінах за два гады. Ацаніць гэта дапамог свежы рэйтынг беларускіх гарадоў, які склаў «Цэнтр новых ідэй».

«Цэнтр новых ідэй» («Цэнтр новых палітычных, эканамічных і сацыяльных даследаванняў», ЦНІ) — незалежны аналітычны цэнтр, існуе з 2012 года. У жніўні 2021 года стала вядома пра яго ліквідацыю як грамадскай арганізацыі. Гэта трэці рэйтынг гарадоў ад ЦНІ з 2018 года. 2020 год складальнікі прапусцілі праз вострую грамадска-палітычную сітуацыю. У 2021-м колькасць аналізаваных гарадоў вырасла з 23 да 40. У рэйтынг уключылі ўсе гарады з насельніцтвам больш за 19 тысяч чалавек. Сёлета яго складалі спецыялісты ЦНІ Антон Раднянкоў, Рыгор Астапеня і Яўген Меркіс.

Найлепшыя гарады ў рэйтынгу абіралі такія, дзе, згодна з вымяральнымі паказнікамі, жыццё адначасова ўстойлівае і дынамічнае. У іх нараджаецца больш дзяцей, жыхары маюць большыя шанцы атрымаць вышэйшую адукацыю, знайсці высокааплатную працу, сацыяльныя паслугі - якасныя, а мясцовыя ўлады прыслухоўваюцца да гараджан.

Топ-4 адносна папярэдніх рэйтынгаў не змяніўся — гэта Мінск, Гродна, Брэст і Салігорск. З райцэнтраў Гродзенскай вобласці ў топ-10 увайшла Ліда, ніжэй у рэйтынг трапілі Слонім, Смаргонь і Ваўкавыск.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Так выглядае агульны рэйтынг беларускіх гарадоў за 2021 год. Усе параметры асобна і асноўныя кірункі даследавання ацэнены баламі да 100. Гродна на другім месцы з 74,9 баламі

Асноўнай крыніцай звестак для даследнікаў былі афіцыйныя дадзеныя Белстата. Колькасць студэнтаў ацэньвалі па планах набораў універсітэтаў.

Дэмаграфія: без уліку пандэміі

Гродна па паказніку дэмаграфічнай устойлівасці апусціўся на пятае месца з другога (у 2019). У гэтай катэгорыі ўлічвалі натуральны прырост (перавага колькасці народжаных над памерлымі) і колькасць жыхароў у прадукцыйным узросце. Свежыя дадзеныя па прыросце насельніцтва ў 2020 годзе Белстат не апублікаваў, і даследчыкам давялося карыстацца звесткамі 2019 года. Тады натуральны прырост у Гродне складаў 1,7 чалавекі на тысячу жыхароў. Доля ж людзей, век якіх перакрочыў прадукцыйны, у 2021 годзе склала 21,3% ад насельніцтва Гродна.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Рэйтынг гарадоў паводле дэмаграфічных паказнікаў. Гродна мае пятае месца і 72,9 балы

Чытайце таксама: Белстат не апублікаваў статыстыку смяротнасці, але перадаў яе ў ААН. Яна шакуе

Якасць жыцця: стала менш студэнтаў

Па якасці жыцця гараджан у 2021 годзе Гродна з першага споўз на другое месца. Колькасць дактароў на тысячу жыхароў параўнальна з 2018 годам павысілася з 6,76 да 7,1. Колькасць злачынстваў склала 9,9 на тысячу насельнікаў супраць 7,4 у 2017 годзе. У горадзе істотна паменела студэнтаў. У навучальным 2020/21 годзе ў Гродне на дзённай форме навучання былі 11,7 студэнта і магістранта на тысячу жыхароў (звесткі на кастрычнік). У 2017/2018 навучальным годзе іх было 37.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Параўнанне якасці жыцця. Гродна мае ужо другое месца і 79 балаў са 100

Дабрабыт падрос нязначна

Па стане эканомікі Гродна аказаўся на 10 месцы (быў на восьмым). Ролю адыграла павелічэнне колькасці гарадоў у спісе. Эканамічныя паказнікі Гродна ўсё ж крыху палепшыліся. Сярэдні заробак вырас — у 2021 годзе склаў 1211,5 рубля (у 2018 быў 968,4). Крыху вырасла і доля ўласных даходаў у бюджэце горада. У 2020 годзе для Гродна яна складала 96,4% (у 2017 была 92,2%). Зарэгістраванае беспрацоўе крыху знізілася — да 0,3% (у 2018 было 0,4%). Таксама вырас сярэдні паказнік інвестыцый у асноўны капітал на тысячу жыхароў. За 2016−2020 гг. у Гродне ён склаў 2,1 мільёна рублёў. У 2014−2018 гг. ён быў адпаведна 2,04 мільёна рублёў.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Параўнанне стану эканомікі. У Гродна — 10 месца (64,5 балаў)

Турызм: расквітнела харчаванне

Па турыстычнай прывабнасці Гродна застаўся на 2 месцы. Перад ім — Брэст, а Мінск сышоў з 1 месца на 3. Тут ацэньвалі англамоўную версію сайта выканкама, колькасць прапаноў жытла на booking.com, экспертны рэйтынг цікавостак ад стваральніка сайта «Глобус Беларусі» Андрэя Дыбоўскага і колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання. Асноўныя паказнікі не змяніліся, акрамя колькасці аб’ектаў харчавання. У 2021 іх налічылі 0,7 на тысячу жыхароў, у той час як у жніўні 2019 іх было 0,29 адпаведна. Росту не перашкодзіла ні пандэмія, ні палітычная сітуацыя і адток турыстаў.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
У турыстычнай прывабнасці Гродна саступіла толькі Брэсту і мае 79,3 балы

Грамадска-палітычнае жыццё: новыя паказнікі

Па якасці грамадска-палітычнага жыцця ў 2021 годзе Гродна заняў трэцяе месца. У топ-10 увайшлі таксама Слонім, Смаргонь, Ліда і Ваўкавыск. Тут даследчыкі ацэньвалі даступнасць інфармацыі ад уладаў (у тым ліку наяўнасць беларускай мовы на сайтах выканкамаў), грамадскую актыўнасць жыхароў і памер рэпрэсій.

У 2019 годзе гэтая частка рэйтынгу акрэслівала толькі празрыстасць кіравання — тады Гродна займала 6 месца з 23. Паводле назіранняў даследчыкаў «Цэнтра новых ідэй», чым бліжэй да заходняй мяжы, тым больш рупяцца выканкамы, каб выглядаць прыстойна і адпаведна, больш даносяць інфармацыю да жыхароў. Сёлета даследчыкі высока (на 100 балаў) ацанілі даступнасці інфармацыі ад гродзенскіх уладаў.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой на святкаванні Дня Незалежнасці ў 2021 годзе

У 2021 годзе складальнікі рэйтынгу выкарысталі ананімізаваныя звесткі з платформы «Голас». Яна ахапіла палітычную актыўнасць усіх беларусіх гарадоў. У карыстальнікаў цягам 2020−2021 гадоў была магчымасць пакідаць свой голас і ў шматлікіх апытанках, што тычыліся істотных пытанняў развіцця краіны. Паводле гэтых дадзеных гарады ўсходняй часткі краіны параўнальна з заходнімі вылучыліся або падтрымкай уладаў, або апалітычнасцю. Колькасць зарэгістраваных на платформе «Голас» у Гродне складала 123 чалавекі на тысячу жыхароў. Тут у топе разам з ім Мінск, Маладзечна, Жодзіна і Салігорск.

У 2021 у рэйтынг дадалі новы паказнік — памер рэпрэсій. Яго ацэньвалі праз колькасць палітвязняў на кастрычнік 2021 года. Яна можа вельмі адрознівацца незалежна ад іншых паказнікаў гарадоў. У Гродне яна склала 0,1 чалавекі на тысячу жыхароў. Тут у лідарах па краіне Жлобін, Брэст (утрая больш, чым у Віцебску і Магілёве разам), Пружаны, Пінск і Асіповічы.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
У Гродна — трэцяе месца ў параўнанні грамадска-палітычнага жыцці і 79 балаў

Заходнія мястэчкі і «ўсходняя бездань»

Па выніках параўнання даследчыкі вылучылі восем тыпаў беларусіх гарадоў, якія адрозніваюцца сваім узроўнем, шляхам і інтэнсіўнасцю развіцця. Часта ён не залежыць ад колькасці насельніцтва. Важнымі фактарамі развіцця для гарадоў аказалася геаграфія і стан буйной прамысловасці з савецкага часу. Групам далі сімвалічныя найменні. Гэта:

  • Вышэйшая ліга (Мінск, Гродна, Брэст),
  • Прамысловыя монагарады (Салігорск, Жодзіна, Наваполацк, Мазыр, Жлобін),
  • Абласныя цэнтры, якія адстаюць (Гомель, Віцебск, Магілёў),
  • Дынамічныя гарады-спадарожнікі (Дзяржынск, Смалявічы),
  • Заходнія мястэчкі (Ліда, Пінск, Кобрын, Слонім, Смаргонь, Івацэвічы),
  • Незалатая сярэдзіна (Полацк, Слуцк, Бяроза, Маладзечна, Лунінец, Вілейка, Ваўкавыск, Мар'іна Горка, Паставы),
  • Прамысловасць, якая памірае (Барысаў, Баранавічы, Бабруйск),
  • Усходняя бездань (Горкі, Рэчыца, Калінкавічы, Орша, Светлагорск, Рагачоў, Асіповічы, Крычаў).

У гарадоў «Вышэйшай лігі» — добры натуральны прырост і вялікая колькасць маладога насельніцтва. Таксама адзначылі добрыя заробкі, невысокі ўзровень злачыннасці, вялікую колькасць лекараў і студэнтаў адносна колькасці жыхароў. Тут Гродна і Брэст не моцна адрозніваюцца па паказніках, у іх вельмі добрая дэмаграфія і стан інвестыцый.

Прамысловыя монагарады — сярэднія па памерах і добра развіваюцца за кошт прамысловых гігантаў. Яны прыцягваюць спецыялістаў і маладыя сем'і. Такія гарады аказаліся і грамадскі актыўнымі. У Гродзенскай вобласці прамысловых монагарадоў больш за 19 тысяч насельніцтва не знайшлося, але няма і такіх гарадоў з прамысловасцю, якая памірае.

Гродна зноў на 2 месцы ў рэйтынгу беларускіх гарадоў. Але прагнозы не парадуюць
Летняя вечарынка ў Гродне, 2021 год. Фота ілюстрацыйнае

Асобнае месца вылучылі для заходніх мястэчак. Даследчыкі заўважылі, што невялікія памерамі гарадкі ў заходняй частцы краіны паказваюць сябе нашмат лепш, чым такія ж па памеры гарады ля ўсходняй мяжы Беларусі. Гэта мястэчкі з добрай дэмаграфічнай сітуацыяй, някепскай эканомікай і грамадска-палітычнымі паказнікамі, прывабныя для турыстаў. Мясцовыя ўлады там не хаваюць ад гараджанаў сваіх рашэнняў. Яны трапілі ў другую дзясятку агульнага рэйтынгу. У процівагу ім вылучаецца група гарадкоў на самым усходзе і ў самым нізе рэйтынгу. Ім далі ўмоўную назву «ўсходняя бездань». Там кепская дэмаграфія і нізкая якасць жыцця.

Сумныя прагнозы

Пасля 2020 года ў сувязі з палітычным крызісам і закрыццём мяжы сітуацыя для дынамічных у развіцці заходніх гарадоў змянілася. Яны мусяць запаволіцца ў сваім развіцці, мяркуюць эксперты.

Вялікі штуршок ім даваў памежны турызм: з’яўляліся ўстановы харчавання, мясцовыя ўлады рабілі сайты на англійскай мове. Зараз гэтая тэндэнцыя пад вялікім ударам, мяркуюць даследчыкі. Няма прычын лічыць, што ў хуткім часе турысты зноў паедуць у такой жа колькасці.

Аптымістычны прагноз тычыцца Мінску і суседніх гарадоў. Па меркаванні складальнікаў рэйтынгу, туды будуць перабірацца людзі з рэгіёнаў, дзе ёсць эканамічныя праблемы. Іншы шлях для іх — эміграцыя. Яна можа чакаць і заходнія гарады, дзе зніклі ранейшыя фактары развіцця.

Стваральнікі рэйтынгу хацелі б, каб ён стымуляваў гарады развівацца, і гатовыя распрацоўваць парады для гэтага на аснове свайго аналізу. Але, як яны зазначылі, зараз улады не гатовыя іх чуць. Яшчэ ў 2019 адміністрацыі гарадоў самі прадстаўлялі некаторыя дадзеныя для даследавання, зараз жа адмаўляюць.

Чытайце таксама: