Для палітвязня Паўла Мажэйкі ў СІЗА не прынялі лекаў. Адвакатка Юлія Юргілевіч атрымала Міжнародную прэмію Людовіка Трар’е ў галіне правоў чалавека — яе ўручалі Нэльсану Мандэле. Былы гродзенскі ідэолаг хоча зняць фільм пра Лукашэнку. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 2 па 9 кастрычніка.

Для палітзняволенага Паўла Мажэйкі ў СІЗА не прынялі лекаў

Журналіста Паўла Мажэйку працягваюць утрымліваць у горадзенскай турме, дзе ён чакае разгляду апэляцыі на прысуд. «Тэрмін, безумоўна, вялікі. Так доўга асобна мы яшчэ не былі. Але тое, што нас не зьнішчае, ператварае нас у кінцугі», — зазначыў Павал Мажэйка. «Кінцугі» — старажытнае японскае майстэрства склейваньня разьбітай керамікі, пасьля якога адноўленая рэч можа выглядаць яшчэ прыгажэй. Гэтым майстэрствам захапляліся ў сям'і Паўла Мажэйкі, паведамляе «Свабода».

У тым жа лісьце на волю журналіст Мажэйка напісаў пра матывы сваіх паводзінаў на судовым працэсе. «Для мяне было важным захаваць гонар і годнасьць, не змаладушнічаць. Мне ня сорамна ні за адну сэкунду свайго жыцьця».

Разгляд скаргі Паўла Мажэйкі адбудзецца 17 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі. Яго сваякі кажуць, што ў апраўдальны вынік апэляцыі ён ня верыць і ўжо рыхтуецца да этапаваньня ў калёнію. «Папрасіў брытву з патрэбнымі характарыстыкамі. Таксама рэчы з адзеньня, якія прыдадуцца ў калёніі. Яшчэ прасіў лекі, але перадача, якую мы сабралі, „завісла“. Пакуль не прынялі, сказалі, што нібыта не было ад яго заявы», — падзяліліся сваякі палітвязьня.

Паводле сваякоў палітвязьня, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца. Сваякі назвалі тое, што, на іх думку, дапамагае журналісту захоўваць у зьняволеньні аптымістычны настрой.

«Шмат чытае кніг. Удалося падпісаць яго на некаторыя пэрыядычныя выданьні, прыкладам, на часопіс „Мастацтва“. Таксама перадаваў, што рэгулярна гуляе ў дворыку, стараецца не прапускаць прагулак нават у дрэннае надвор’е. На харчаваньне ня скардзіцца, яму рэгулярна прыходзяць харчовыя перадачы з волі. Піша, што фізычна адчувае сябе нармальна. Лістуецца зь сям’ёй, шле малюнкі дзецям і атрымлівае ад іх лісты», — расказалі сваякі пра палітвязьня Паўла Мажэйку.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у Гродзенскім абласным судзе
Павел Мажэйка ў Гродзенскім абласным судзе. Фота: БелТА

Затрыманне ў Лідзе

3 кастрычніка сілавікі затрымалі на працы начальніка пажарнай аховы «Лідахлебапрадукт» Авіжыча Юрыя Мечыслававіча, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Узнагарода адвакатцы, якую атрымліваў Нэльсан Мандэла

22 верасня 2023 года адвакатцы Юліі Юргілевіч была ўручана Міжнародная прэмія Людовіка Трар’е ў галіне правоў чалавека, паведамляе Telegram-канал «Адвокаты прав человека».

Міжнародная прэмія Людовіка Трар’е ў галіне правоў чалавека была заснавана ў 1984 годзе і ўручаецца юрысту, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці або прыналежнасці да пэўнай калегіі адвакатаў, які сваёй актыўнай дзейнасцю садзейнічае абароне правоў чалавека, права на абарону, садзейнічае вяршэнству права, вядзе барацьбу з расізмам і нецярпімасцю ў любой форме. Першай асобай, якая атрымала прэмію, быў Нэльсан Мандэла.

З 2003 года прэмія ўручаецца штогод сумесна Інстытутам правоў чалавека Парыжскай калегіі адвакатаў (HUMAN RIGHTS INSTITUTE OF THE BAR OF PARIS) і арганізацыяй, якая прадстаўляе юрыстаў па правах чалавека па ўсёй Еўропе (The European Bar Human Rights Institute).

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека ў сваёй заяве пазначала, што Юлія была прыцягнута да крымінальнай адказнасці выключна ў сувязі з яе прафесійнай дзейнасцю і патрабавала неадкладнага яе вызвалення з месцаў несвабоды. Юлія і журналіст Павел Мажэйка былі прызнаныя вінаватымі ў «іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і прыгавораны да шасці гадоў калоніі.

Юлия Юргилевич. Фото: gka.grodno.by
Юлія Юргілевіч. Фота: gka.grodno.by

Ліквідуюць Гродзенскі гісторыка-патрыятычны клуб «Аркона»

Суд аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання пройдзе 13 кастрычніка. Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Людміла Малючок, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

«Аркона» зарэгістраваная ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна з 2013 года. Аб’яднанне праводзіла патрыятычныя злёты, праводзілі пошукавыя мерапрыемствы па няўлічаных пахаваннях салдат рускай імператарскай арміі, сустрэчы з ветэранамі. Іх акаунт на Facebook не абнаўляўся з 2017 года.

Сярод задач арганізацыі - садзейнічанне захаванню і ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў і садзейнічанне ўмацаванню сярод моладзі ідэалаў гуманізму і міласэрнасці.

Telegram-канал «Athletes for Freedom» прызнаны экстрэмісцкім

Так вырашыў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 2 кастрычніка 2023 года. Таксама экстрэмісцкім прызналі лагатып, які ўяўляе сабой выяву сэрца на фоне ўкраінскага сцяга.

У Гродне адкрылі новы ваенна-патрыятычны клуб

На базе СШ № 28 імя Сакалоўскага адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Фаварыт», паведамляе «Вячэрні Гродна». Удзельнікамі клуба сталі 34 старшакласнікі - навучэнцы 8−11 класаў. Сцяг школьнікам перадаў камандзір 1-га зенітнага ракетнага палка палкоўнік Дзмітрый Садоўскі.

«Дзеці будуць прыязджаць у нашу воінскую часць і наведваць заняткі па агульнавайсковай і баявой падрыхтоўцы», — адзначыў камандзір палка.

Сілавікі працягваюць затрыманні на лідскіх прадпрыемствах — дайшлі да «малочкі»

Міліцыя прыйшла на Лідскі малочнакансервавы камбінат. 6 кастрычніка за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце там затрымалі некалькі супрацоўнікаў. Пра гэта паведамілі ў мясцовым праўладным канале. Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманні будуць працягвацца.

«Чалавек, які зрабіў гэтую краіну». Былы гродзенскі ідэолаг хоча зняць фільм пра Лукашэнку

Гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей, які раней кіраваў «Гроднааблкінавідэапракатам», БРСМ і быў адным з ідэолагаў у Гродне, прапанаваў зняць мастацкі фільм пра Аляксандра Лукашэнку. «Напэўна, ужо падыходзіць гэты час», — сказаў ён у размове з Рыгорам Азаронкам у эфіры тэлеканала СТБ.

ідэолаг Юрый Аляксей генеральны дырэктар Беларусьфільм
Юрый Аляксей. Крыніца: grodnonews.by

У Гродне ў саборы знялі «палітычныя» іконы: яны шмат гадоў раздражнялі сілавікоў і Бондараву

Дзве з васьмі ікон новамучанікаў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне зніклі. Яны з’явіліся ў царкве 17 гадоў таму і паказвалі, як савецкія сілавікі - чырвонаармейцы, афіцэры ды чэкісты — забівалі праваслаўных дзеячоў. Зніклі самыя блізкія да алтара іконы, дзе выяўленыя мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (замучаны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (растраляны ў 1922 годзе).

іконы навамучанікаў у свята-пакроўскім кафедральным сабор Гродна
Чырвоным колерам пазначаны месцы, адкуль зніклі іконы. Фота зроблена 7 кастрычніка 2023. У канцы верасня іконы яшчэ былі на месцы. Фота: vk.com/pokrovgrodno

Беларускія школы незадаволены, што выпускнікі паступаюць за мяжу. Даходзіць да пагроз бацькам

Выпускнікам 2023 года прыходзяць пагрозы ад іх былых класных. У іх патрабуюць неадкладна прадставіць дадзеныя аб ВНУ, дзе яны ці вучацца зараз, ці будуць вучыцца, паведаміла крыніца Hrodna.life. Інакш просяць іх «чакаць гасцей». Якіх менавіта — не ўдакладняюць. Гэта не адзіны такі выпадак: бацькоў выклікаюць на прафілактычныя гутаркі і пытаюцца, што іх дзяцей не задавальняе ў Беларусі.

Пасля суда вярнуўся ў лякарню: што вядома аб прысудах па справе артапедаў у Гродзенскай вобласці

Гродзенскі ўрач-артапед Андрэй Тодрык на волі і працуе ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна. Аб гэтым паведамілі крыніцы Hrodna.life. Яго асудзілі на два гады хатняй хіміі і штраф. Нядаўна крымінальную справу перагледзелі і ў Гродзенскім абласным судзе.

У Ваўкавыску затрымалі яшчэ шэсць чалавек. Гэта трэцяя хваля затрыманняў

Шэсць мужчын затрымалі ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці. Мужчын затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акрамя таго, двух затрыманых таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстных маршах у 2020 годзе. Жыхар Ваўкавыска выходзіў на іх больш за дзесяць разоў.

Сілавікі пачалі крымінальную справу супраць 60 чалавек — за арганізацыю марафону салідарнасці з палітвязнямі

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу супраць удзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно». Ён ішоў у прамой трансляцыі на YouTube 29 ліпеня 2023. Тады ўдалося сабраць больш за € 570 тыс. на карысць палітычных зняволеных.

У Гродне людзей затрымліваюць за падпіскі на былога журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча

Журналіст Руслан Кулевіч расказаў, што апошнім часам гродзенцаў судзяць за падпіскі на яго асабісты акаўнт. Яму вядома мінімум пра пяць такіх выпадкаў. Справа ў тым, што сацсеткі аўтара былі прызнаныя экстрэмісцкай прадукцыяй. Журналіст папярэджвае фолавераў аб тым, што падпіскі на яго могуць быць небяспечнымі. За суткі ён страціў ужо 700 падпісчыкаў у Instagram.

Напрыклад, за падпіску на яго судзілі святара Андрэя Наздрына — пакаралі штрафам у 15 базавых велічыняў (555 рублёў) і канфіскавалі ягоны тэлефон.

Руслан Кулевіч
Руслан Кулевіч. Фота: Instagram героя

У Гродне судзяць загадчыка аднаго з аддзяленняў БХМД

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў судзілі загадчыка аднаго з аддзяленняў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна. Суд паводле арт. 19.11 ч. 2 КК «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» прайшоў 4 кастрычніка.