Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу супраць удзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно». Ён ішоў у прамой трансляцыі на YouTube 29 ліпеня 2023. Тады ўдалося сабраць больш за € 570 тыс. на карысць палітычных зняволеных.

КК РБ
Крымінальны кодэкс. Ілюстрацыйнае фота belta.by

Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па ч.2 арт. 361−2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Пакаранне прадугледжвае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Падазраваных каля 60 чалавек — арганізатараў і ўдзельнікаў марафону. Сілавікі выяўляюць і іншых асобаў, якія спансавалі марафон.

Што за стрым?

«Нам не ўсё адно» — марафон па зборы сродкаў для беларускіх палітзняволеных і іх сем’яў. Ён адбыўся з 29 ліпеня 2023 года на шматлікіх каналах беларускіх незалежных медыяў на YouTube. Падчас марафону сабралі больш за € 570 тыс. Арганізаваў марафон Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі.

марафон падтрымкі палітзняволеных

Hrodna.life таксама далучыўся да марафону. У яго межах мы пагутарылі з былым палітзняволеным гродзенцам Зміцерам Фурманавым.

У жніўні 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў відэазапісы марафону экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Паўдзельнічалі больш за 20 незалежных медыяў

У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічалі больш за 20 незалежных медыяў, сярод якіх Белсат, Еўрарадыё, Зеркало, Звычайны ранак, Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, Страна для жизни, Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Брестская газета, Маланка Медыя, Медыязона, Наша Ніва, Радыё Рацыя, Салідарнасць, BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com.

У эфіры былі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак, блогер Андрэй Павук, палітолаг Арцём Шрайбман, блогеры Саша Івулін і Мікіта Мелказёраў, музыкі Юрый Стыльскі і Піт Паўлаў, пісьменніца Святлана Курс і многія іншыя.