Блогерка з Гродна Аляксандра Ханевіч была ў адпачынку ў Ізраілі акурат тады, калі рух ХАМАС пачаў баявыя дзеянні. Яна зняла відэа, у якім расказала пра хованкі ў бомбасховішчы.
У пачатку баявых дзеянняў Аляксандра апынулася ў горадзе Мадыін. Туды яна прыехала да сваіх сяброў 6 кастрычніка. З раніцы 7 кастрычніка былі дзве паветраныя трывогі. Першая дзесці ў 6 раніцы — тады ўся сям’я сабралася ў бомбасховішчы [у Ізраілі бомбасховішча ёсць у кожнай кватэры і выглядае як асобны пакой — Hrodna.life]. «Па законе мы павінны знаходзіцца ўсе ў гэтым пакоі», — сказала Аляксандра.
Што адбылося ў Ізраілі
Раніцай 7 кастрычніка рух ХАМАС (Ісламскі рух супраціўлення) аб’явіў аб пачатку вайсковай аперацыі супраць Ізраіля. Па тэрыторыі Ізраіля выпусцілі больш за пяць тысяч ракет. «Гэта дзень велізарнай бітвы за спыненне апошняй акупацыі на зямлі», — сказаў лідар вайсковага крыла ХАМАС Махаммад Дэйф.
У Ізраілі аб’явілі стан надзвычайнай сітуацыі. Прэс-сакратар войска абароны Ізраіля Даніэль Агарі сказаў, што «ў бліжэйшыя гадзіны мы абрушым усю моц ЦАХАЛа [сілы абароны Ізраіля — Hrodna.life] на Газу».
Нацыянальная медычная служба Ізраіля паведаміла пра 22 загінулых у выніку атакі з боку ХАМАСа. У шпіталі Ізраіля даставілі больш за 500 чалавек з раненнямі.
Чытайце таксама: «Ёсць 30 секунд, каб схавацца». Гродзенка пераехала ў Ізраіль — і адразу трапіла ў гарачую кропку
Хто такая Аляксандра Ханевіч
Аляксандра Ханевіч — палітуцякачка з Гродна. Працавала на заводзе «Хімвалакно» ўсё жыццё, была старшынёй ветэранскай арганізацыі.
Пасля выбараў 2020 года яе затрымлівалі двойчы. Пасля другога затрымання ёй давялося здымаць пабоі. Баючыся чарговага арышту, Ханевіч з’ехала ў Польшчу разам з сынам, якога таксама затрымлівалі.
У эміграцыі Аляксандра завяла свой YouTube канал. Там яна расказвае, як гэта — пачынаць новае жыццё за мяжой.