Гарадскія легенды — тыя гісторыі, якія расказваюць краязнаўцы падчас экскурсій і якія вусна перадаюцца сярод гараджан і гараджанак. Пры тым пэўныя матывы паўтараюцца ў самых розных гарадах Еўропы. Напрыклад, гісторыі пра падземныя лабірынты, жабракоў, якія насамрэч прыхоўваюць незлічонае багацце, ды актора мясцовага тэатра, які скончыў жыццё самагубствам на сцэне праз неўзаемнае каханне.

Гродна не выключэнне: у мясцовым фальклоры мы знойдзем і гісторыі пра падземны горад, і пра жабрака Люціка, і пра прывіда з тэатра лялек. Пра гродзенскія легенды ў падкасце «Утульны горад» пагаварылі з Яўгенам Аснарэўскім — таямнічым краязнаўцам і гісторыкам.

Слухайце размову цалкам або чытайце ў вялікім скароце тэзісна ніжэй.

Размаўляем пра легенды з… легендай

Яўген Аснарэўскі сам можа лічыцца гродзенскай легендай. Справа ў тым, што сапраўднага імя гэтага гісторыка, пісьменніка і блогера шырокія колы гараджан не ведаюць. Таксама невядома, як насамрэч Яўген выглядае. Ёсць нават гродзенская легенда пра тое, што Яўген — насамрэч жанчына.

Хаця дакладна не вядома, хто такі Аснарэўскі насамрэч, відавочна, што ён спецыяліст у галіне гісторыі. Таму менавіта ён стаў нашым правадніком у свет гродзенскіх легенд. Як высветлілася, гродзенскі пантэон не моцна адрозніваецца ад усяго астатняга еўрапейскага фальклору.

Чаму сюжэты пра падземныя хады і вар’ятаў такія распаўсюджаныя

Напрыклад, у Гродне распаўсюджаныя легенды пра падземныя хады, якімі пранізаны ўвесь горад. Быццам бы падземны ход нават ёсць паміж бернардзінскім мужчынскім кляштарам на Маставой і пляцоўкай драмтэатра, дзе раней быў жаночы бернардзінскі кляштар.

Нельга сказаць, што легенда пра падземны Гродна не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. Сапраўды, пасля зносу некаторых вялізных гродзенскіх будынкаў пад зямлёй заставаліся іх падвалы. Аднак няма ніякіх пацвярджанняў таго, што пад зямлёй у цэнтры Гродна знаходзяцца лабірынты або танэлі.

Яўген Аснарэўскі лічыць, што гэта частка чалавечай прыроды — міфалагізаваць усё тое, што знаходзіцца пад зямлёй. Таму такі сюжэт настолькі распаўсюджаны.

Таксама гараджане і гараджанкі ў любой кропцы свету схільныя прыдумляць неверагодныя гісторыі пра мясцовых бяздомных, жабракоў ці людзей з яўнымі псіхічнымі расстройствамі. Такіх можна спаткаць амаль у любым горадзе. Біяграфіям гэтых людзей надаюць легендарныя элементы.

Адкуль бяруцца легенды

Яўген Аснарэўскі кажа, што часта легенды становяцца вынікам памылкі гісторыкаў. Напрыклад, існуе легенда пра гродзенскія сярэднявечныя сцены вакол горада. Хаця гэта цалкам лагічна для сярэднявечнага горада — мець сцены — ніякіх іх прыкмет няма.

Падобная гісторыя з тэатрам лялек, які называюць тэатрам Тызенгаўза. Насамрэч, гродзенскі тэатр падбудаваў Станіслаў Панятоўскі - пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Блытаніна паходзіць ад таго, што Тызенгаўз сапраўды меў у Гродне тэатр, але ў іншым месцы.

Легенды нараджаюцца і ад простай чалавечай выдумкі, якую аматары прыгожых гісторый пераказваюць адзін адному. Менавіта так разыходзяцца гісторыі пра падземныя гарады, схаваныя скарбы гарадскіх бяздомных і тое, што Яўген Аснарэўскі - жанчына.

Гарадскія легенды маюць і сваю тэрапеўтычную функцыю: яны дапамагаюць людзям пазбаўляцца страху перад невядомым. Напрыклад, у людзях, якія выглядаюць дзіўна, мы часта бачым у небяспеку. Легенды з міфалагізацыяй іх жыцця дапамагаюць пазбавіцца ад залішняй трывогі.