Былога дырэктара аднаго з гродзенскіх камунальных прадпрыемстваў па аказанні паслуг асудзілі за хабар на 2,5 гады «хіміі» і штраф 350 базавых велічынь, паведаміў Гродзенскі абласны суд. Верагода, гаворка пра Дзмітрыя Біча, які ўзначальваў Адзіны інфармацыйны разлікова-касавы цэнтр у 2021−2023 гадах.

Дырэктара камунальнага прадпрыемства з Гродна асудзілі за хабар: патрабаваў ад фірмы кандыцыянер
Суд. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Асуджаны дырэктар у перыяд са снежня 2022 года да студзеня 2023 года дамовіўся з прадстаўніком прыватнай фірмы аб выбары менавіта гэтай арганізацыі ў якасці пастаўніка кандыцыянераў для прадпрыемства. За гэтую паслугу ў красавіку 2023 года ён атрымаў хабар — кандыцыянер, які фірма ўсталявала ў яго дома. Кошт кандыцыянера, яго дастаўкі і ўсталёўкі суд ацаніў у 2972 рублі.

Пра хабар у міліцыю паведаміў прадстаўнік прыватнай фірмы: ён расказаў, што дырэктар разлікова-касавага цэнтра вымагае ў яго кандыцыянер. Пасля гэтага дырэктара затрымалі і абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 430 КК Беларусі - Атрыманне хабара.

Дырэктар віну не прызнаў

Падчас суда былы дырэктар не прызнаў віны. Маўляў, камісія прадпрыемства сапраўды прыняла рашэнне аб пастаўцы кандыцыянераў менавіта з гэтай кампаніі, але ўсталёўка кандыцыянера ў яго дома не звязана з гэтым. Дамову аб пастаўцы кандыцыянераў планавалі заключыць пазней, пасля таго, як з ім звяжацца прадстаўнік кампаніі.

Хто такі Дзмітрый Біч

Дзмітрый Біч узначаліў Адзіны інфармацыйны разлікова-касавы цэнтр у 2021 годзе. Да гэтага ён быў намеснікам генеральнага дырэктара «Гроднааблсельбуд». Там ён займаўся «тэхнічным кіраўніцтвам праектнай дзейнасці прадпрыемства і арганізацыяй праектаванняў аб’ектаў, інфармацыйнае забеспячэнне». Акрамя гэтага, Біч быў членам пастаяннай дзеючай гарадской камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Дзмітрый Біч
Дзмітрый Біч. Фота: «Гродна Плюс»

Чытайце таксама: У Лідзе лекара-дэпутата судзяць за хабар. Верагодна, ён склаў 200 рублёў