На месцы першай гродзенскай электрастанцыі могуць пабудаваць гандлёвы цэнтр альбо гатэль. Участак на вуліцы Будзёнага выставілі на аўкцыён.

Надзел плошчай 45 сотак паспрабуюць прадаць за больш чым за 123 тыс. рублёў (больш за € 35 тыс.). Дакладная дата аўкцыёна пакуль невядома. Верагодна, ён адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе 2023 года.
Участак гэта пустыр паміж вуліцамі Будзёнага і Студэнцкай. Там павінен з’явіцца будынак грамадскага, адміністрацыйнага альбо адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння. Будынак не можа быць вышэйшым за трохпавярховы інтэрнат, які размяшчаецца побач.
Забудаваць участак плануюць шмат гадоў
У 2016−2017 гадах тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой казаў, што на гэтым участку неўзабаве пабудуюць гатэль Ibis французскай кампаніі Accor hotels. Але праект так і не рэалізавалі. У лютым 2019 года адбываліся грамадскія абмеркаванні: на ўчастку планавалі пабудаваць офісны цэнтр, а ў перспектыве разглядалі будаўніцтва гасцініцы і студэнцкага інтэрната.
Таксама ў апошнія гады адкрылі праход з вуліцы Студэнцкай да вуліцы Будзёнага, які быў закрыты больш за 70 гадоў. Гэта значыць, што да будучай пабудовы можна будзе падысці і пад’ехаць з абедзвюх вуліц.
На гэтым месцы размяшчалася першая ў Гродне электрастанцыя
На гэтым участку у 1912 годзе пачала працаваць першая гродзенская электрастанцыя. Станцыя магла забяспечваць энергіяй не менш за 120 вулічных ліхтароў і восем тысяч лямпачак ва ўсім горадзе. Да нашага часу яна не захавалася, бо яе зруйнавалі ў 2009 годзе.