У новай краме на Дзяржынскага, 31 прадаюць рэчы, якія раней належалі арганізацыям і частым асобам. Увесь тавар на паліцах — арыштаваная судовымі выканаўцамі маёмасць.

Крама належыць «БелЮрЗабеспячэнню». Гэтае прадпрыемства было спецыяльна створана Міністэрствам юстыцыі, каб ацэньваць і прадаваць рэчы, арыштаваныя органамі прымусовага выканання, расказалі на «Гродно Плюс».

крама арыштаванай маёмасці
Падчас адкрыцця крамы. Скрыншот рэпартажу"Гродно Плюс"

Раней канфіскаваную маёмасць прадавалі толькі праз інтэрнэт-краму або на аўкцыёне. У афлайн-краме яго змогуць прадаваць хутчэй і так паскорыць пакрыццё даўгоў, спадзяецца начальніца Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Алена Юргель.

Што прадаюць у краме

У новай краме — кубкі за два рублі, акуляры за пяць рублёў, навушнікі за тры. У продажы тавары для дома, сувеніры, будаўнічыя матэрыялы, дзіцячыя цацкі, касметыка, канцылярыя, тавары для жывёл. Кошты пачынаюцца ад 85 капеек, пахваліўся вядучы спецыяліст па продажах гродзенскага філіяла «БелЮрЗабеспячэнне» Алег Кісель. Таксама ў краме прадугледжана сістэма пераацэнкі тавараў: час ад часу на некаторыя катэгорыі будуць скідкі да 80%.

Праўда, на арыштаваную маёмасць не даюць гарантый, таксама яе нельга абмяняць або вярнуць пасля пакупкі.

Пакупнікі адзначаюць, што «асартымент, у прынцыпе, годны». Буйнагабарытных тавараў накшталт тэлевізараў ці мэблі ў краме няма — іх працягваюць прадаваць праз сайт «БелЮрЗабеспячэння». Арыштаваную нерухомасць, машыны, дачы і ўчасткі прадаюць на анлайн-аўкцыёнах два разы на тыдзень. Для ўдзелу трэба ўнесці задатак у 10 працэнтаў ад кошту маёмасці.

Крама выклікала ажыятаж

Краму размясцілі на першым паверсе жылога дома, у дварах па суседстве з электратэхнічным каледжам. У жыхароў суседніх дамоў новая крама выклікала ажыятаж яшчэ да адкрыцця, сказалі на «Гродна Плюс». Адна з пакупніц падзялілася з супрацоўнікамі канала радасцю, што змагла танна купіць ляжанку для сабакі.
Гродзенская крама ўжо чацвёртая ў сетцы. Да гэтага адкрыліся крамы арыштаваных тавараў у Віцебску, Гомелі і Магілёве.

Пры неабходнасці, і калі продажы будуць добрыя, краму будуць пашыраць, падзяліліся ў «БелЮрЗабеспячэнні».

У Гродне ў крамы ёсць канкурэнт

Да гэтага ў Гродне працавала толькі крама канфіскаваных тавараў «Ваш выбар» на Карла Маркса, 31. Сетка прадстаўлена ў 11 гарадах Беларусі і належыць рэспубліканскаму щнітарнаму прадпрыемству «Гандлёвы дом „Усходні“». Асноўны від дзейнасці сеткі - рознічны гандаль, у тым ліку маёмасцю, пераведзенай у даход дзяржавы. Напрыклад, там можна было знайсці канфіскаваную ў асуджаных па «палітычных» артыкулах ужываную тэхніку. На Індурскай шашы, 30 размяшчаецца філіял па продажы канфіскаваных аўто.

Таксама прадпрыемства аказвае розныя паслугі і здае ў арэнду дзяржаўную нерухомасць.

Чытайце таксама: