Пад Гродна прадаюць турысцка-рэкрэацыйны цэнтр «Лукамор'е» ў вёсцы Рынкаўцы на Аўгустоўскім канале. Там павінна была быць гасцініца і інфраструктура для турыстаў, але рэканструкцыю так і не завяршылі. Цэнтр прадаюць, каб пакрыць даўгі ўласніка.

Плошча будынка турыстычнага цэнтра (былы інтэрнат), выстаўленага на продаж — 497,1 кв. м, участка — 0,31 га.

Пры будынку ёсць павільён для гандлю і адміністратара, туалет, альтанка на 28 пасадачных месцаў, асфальтаваныя дарожкі, ліхтары, трансфарматарная падстанцыя, яшчэ пяць альтанак (чатыры з іх на 8 месцаў), навес для дроў, калодзеж.

У кошт уваходзіць таксама пірс на канале з лесвіцай і навесамі, дзіцячая пляцоўка, лавачкі, сцэна для правядзення канцэртаў. У камплекце ідуць велапаркоўка, сем ровараў, мангалы, шампуры, граблі, замкі, выратавальныя камізэлькі, рукамыйніца і нават дарожныя знакі.

Колькі каштуе «Лукамор'е»

Пачатковы кошт комплексу — 236 700 рублёў ($ 80,25 тыс.). У яго ўжо ўключаны крок у 5% на выпадак, калі заявіцца толькі адзін удзельнік. Тады таргі прызнаюць не здзейсненымі, а комплекс пяройдзе да адзінага заяўніка на таргі, калі той пагодзіцца.

Цяперашні ўладальнік «Лукамор'я» — трэст"Гроднагарбуд". Комплекс прадаецца праз пазыкі трэста, як і іншая яго маёмасць. Сам трэст абвешчаны банкрутам. Папярэдні раз турыстычны цэнтр спрабавалі прадаць 14 красавіка 2023 года. Пачатковы кошт быў 225 429 рублёў. У 2021 годзе за яго хацелі 400 000 рублёў, але пакупнікоў не знайшлося. Не змаглі прадаць будынак і ў 2022 годзе.

Новыя таргі пройдуць у электроннай форме 10 ліпеня. Арганізатар — «БелБанкротАукцион».

Гісторыя комплексу

Будынак у вёсцы Рынкаўцы на беразе Аўгустоўскага канала быў пабудаваны ў 50-х гадах ХХ стагоддзя для работнікаў цаглянага завода. Пазней завод закрылі, а падчас рэканструкцыі канала і зусім знеслі. Гісторыкі, праўда, прапаноўвалі захаваць будынак і дэманстраваць там турыстам вытворчасць цэглы старадаўнім спосабам. Інтэрнат завода закрылі, але зносіць не сталі. У 2014 годзе СЭЗ «Гроднаінвест» лічыла будучы турцентр важным інфраструктурным праектам на перспектыву.

Будынак інтэрната рэканструююць пад турысцка-рэкрэацыйны цэнтр «Лукамор'е». Ён усё яшчэ знаходзіцца ў працэсе рэканструкцыі, хоць яго абяцалі адкрыць яшчэ ў 2015 годзе, потым у 2018-м. У выніку да 2019 года там з’явіўся пракат ровараў і лодак, альтанка і мангалы ў арэнду, але гасцініцу так і не скончылі.