Новы літаратурны конкурс імя Максіма Багдановіча запачаткавалі ў Гродне, дзе прайшло дзяцінства паэта. Конкурс будзе праходзіць раз на два гады і мае статус абласнога. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду. Парадак правядзення зацверджаны адпаведным рашэннем Гродзенскага аблвыканкама.

Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт. Сярод абвешчаных мэтаў конкурсу — папулярызацыя дзейнасці пісьменнікаў Гродзенскай вобласці, стымуляванне стварэння высокамастацкіх літаратурных твораў, пошук новых імёнаў у літаратуры і павышэнне статусу пісьменніка ў грамадстве.

У конкурсе будзе сем намінацый:

  • «Паэзія»;
  • "Проза";
  • "Дзіцячая літаратура";
  • «Публіцыстыка і краязнаўства»;
  • «Літаратуразнаўства і крытыка»;
  • «Драматургія»;
  • "Адкрыццё года".

Намінацыю будуць разглядаць, калі для ўдзелу ў ёй збярэцца не менш за пяць аўтараў. У кожнай намінацыі можа быць толькі адзін пераможца — аўтар або калектыў аўтараў.

Як узяць удзел

Удзельнічаць у конкурсе можна толькі з неапублікаванымі раней творамі на беларускай або рускай мовах. Публікацыяй у гэтым выпадку будзе лічыцца размяшчэнне іх у інтэрнеце, у тым ліку ў сацыяльных сетках, — як твораў цалкам, так і іх фрагментаў.

Удзельнік на момант падачы заяўкі на конкурс мусіць дасягнуць 18 гадоў і жыць або быць зарэгістраваным на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Адзін аўтар ці калектыў аўтараў можна ўдзельнічаць і перамагаць у некалькіх намінацыях з рознымі творамі.

Творы-пераможцы будуць абіраць, зважаючы на літаратурна-мастацкі ўзровень, актуальнасць тэмы, наяўнасць сучасных літаратурных падыходаў да яе распрацоўкі, абгрунтаванне агульначалавечых каштоўнасцяў і ідэй гуманізму, а таксама выкарыстанне ў творы асаблівасцяў мясцовага каларыту.

У намінацыі «Адкрыццё года» не змогуць узяць удзел члены Гродзенскага абласнога аддзялення дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Удзельнікам неабходна будзе да 1 лютага года, у які вырашаць праводзіць конкурс, перадаць ва ўпраўленне культуры аблвыканкама заяўку на ўдзел, кароткую аўтабіяграфію і друкаваны і электронны асобнікі твора (шрыфт 14 Times New Roman, фармат А4). У самім творы нельга пазначаць імя аўтара — для аб’ектыўнасці камісіі. Аб’ём твора мусіць быць не меншым за 60 старонак (акрамя намінацыі «Дзіцячая літаратура»).

Ненарматыўную лексіку не прапусцяць

Да ўдзелу не дапусцяць творы, у якіх камісія заўважыць прапаганду, нават ускосную, гвалту, агрэсіўных паводзін, распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, ужывання алкаголю і наркотыкаў, крымінальнага і амаральнага ладу жыцця, або тых, дзе выкарыстоўваецца ненарматыўная лексіка.

Пераможцу — букет і грошы

Пераможцаў будзе абіраць камісія з не менш як 9 чалавек. Яе асабісты склад і рэгламент будзе зацвярджаць старшыня аблвыканкама — зараз гэта Уладзімір Каранік.

Пераможца конкурса ў кожнай намінацыі атрымае дыплом у рамцы, букет кветак і грашовую ўзнагароду ў памеры 100 базавых велічынь (зараз гэта 3 700 рублёў). Калі пераможа калектыў аўтараў, дыплом і кветкі дадуць кожнаму, а грошы падзеляць на ўсіх. Сродкі на выплату прызоў і арганізацыю конкурсу возьмуць з абласнога бюджэту.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Карскага прыме ў фонд 40% тыражу ад выдання твора-пераможцы.

Чытайце таксама: