125 гадоў Багдановічу: у гродзенскім музеі паэта прачыталі «Пагоню» на сямі мовах

Выстава, спевы і чытанне «Пагоні» на сямі мовах – гэта толькі частка імпрэзы “Паэзія высокага гучання”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якая прайшла ў музеі паэта 13 снежня.

Вечар распачаўся з адкрыцця мастацкай мінівыставы, прысвечанай паэту. У гасцёўні “Доміка Багдановіча” на гасцей ужо чакаў дзявочы фальклёрны гурт “Кужаль” з каледжа мастацтваў, які прадставіў некалькі беларускіх народных спеваў. Пад час вечарыны былі ўзнагароджаныя пераможцы міжшкольнага брэйн-рынгу “Зорка Максіма Багдановіча”, дзе шкаляры маглі прадэманстраваць свой узровень ведаў творчасці і біяграфіі паэта.

Прафесар Аляксей Пяткевіч перадаў з уласнай бібліятэкі ў дар для музея два рарытэтныя зборнікі: мінскае выданне першага тому зборніка паэзіі Багдановіча 1927 года, а таксама эмігранцкае выданне “Вянок паэтычнай спадчыны” 1960 года (Мюнхен-Ню-Ёрк).

Студэнты прачыталі “Пагоню” на сямі мовах: беларускай, расійскай, польскай, англійскай, нямецкай, латышскай і балгарскай.

У канцы супрацоўнікі музея пацешылі маленькіх гасцей батлеечным спектаклем “Цар Ірад”, пасля чаго ў гасцёўні на ўсіх чакала гарбата з пачастункамі.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: