Пазнаёміцца з рэдкімі выданнямі, папрацаваць за друкарскім станком і паспрабаваць пісаць на бяросце — гэтым маглі заняцца наведнікі першага гродзенскага фестывалю кніг, які прайшоў у двары Новага замка 22 верасня. Яго арганізавала абласная навуковая бібліятэка імя Карскага пры падтрымцы аблвыканкама.

Для гасцей былі падрыхтаваны тэатральныя і музычныя выступы, працавалі дзіцячыя пляцоўкі, а таксама стэнды па інтарэсах. Адметнасцю фестывалю стала магчымасць паназіраць за працай друкарскага станка сярэдзіны XX стагоддзя, які прывезлі ў Гродна з Ваўкавыска.

«Мы вырашылі ў гэтую памятную дату, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, аддаць даніну павагі беларускаму сыну Францішку Скарыне, а таксама прыцягнуць увагу грамадства да таго, што кніга з’яўляецца захавальніцай памяці, культуры i гісторыі народаў, — распавядае дырэктар бібліятэкі імя Карскага Лідзія Мальцава. — Мы рады, што наш першы фестываль прайшоў на тэрыторыі Новага замка, спадзяюся, ён стане традыцыйным, магчыма нават брэндам горада.

На фестывалі мы пастараліся выставіць лепшыя кнігі з фондаў бібліятэкі, таксама гродзенскія і рэспубліканскія выдавецтвы паказалi свае выданнi. А яшчэ мы выставілі самаробныя кнігі, якія рыхтавалі гродзенцы: усяго каля 100 выдатных асобнікаў зробленых рукамі паводле твораў Скарыны ці прысвечаных яму".