На 889-годдзе Гродна, якое адзначаецца 23 верасня, у Кнігу славы горада будуць унесены тры новыя імёны, якіх выбрала спецыяльная камісія. А вось новага ганаровага грамадзяніна ў гэтым годзе не будзе, бо не было пададзена заявак.

Усяго на разгляд на ўнясенне ў Кнігу славы Гродна было пададзена 10 кандыдатур. Камісія выбрала сярод іх трох чалавек: ганаровы настаўнік Беларусі, ветэран ВАВ Антаніна Забнiнская, кіраўнік прадпрыемства «Конте СПА» Валянцін Байко і кіраўнік прадпрыемства «Молочный мир» Марына Анікеева.

Сярод кандыдатур была і краязнаўца Наталля Канюк, якая памерла ў студзені 2017 года. За яе было сабрана 115 подпісаў і 7 хадайніцтваў ад розных устаноў горада.

«Выбраць лепшага з лепшых гэта вельмі складана. У гэтым годзе было пададзена шмат кандыдатур, — распавядае сакратар камісіі Наталля Каратчыкава. — Сярод іх была і краязнаўца Наталля Канюк, якая займалася адраджэннем батанічнага сада ў Гродне. Усе кандыдатуры, якія разглядала камісія, вартыя павагі і памяці, але шляхам галасавання было вырашана, што ў гэтым годзе імёны толькі трох чалавек будуць унесены ў Кнігу славы. Магчыма, Наталля Канюк і іншыя асобы будуць унесены ў Кнігу славы горада ў наступным годзе, калі Гродна будзе адзначаць 890-годдзе».