Суддзямі Вярхоўнага Суда прызначаныя Алена Рудніцкая, Максім Філатаў і Руслан Царук, якія да гэтага займалі пасады суддзяў Мінскага гарадскога суда, Гродзенскага і Гомельскага абласных судоў адпаведна. Такі ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 31 ліпеня. Усе яны выносілі палітычныя прысуды.
За паўтара года Філатава павысілі ад намесніка старшыні і суддзі суда Лідскага раёна да суддзі Вярхоўнага Суда.
Што вядома пра Філатава?
— трапіў у чацвёрты пакет санкцый Еўразвязу.
— у лідскай спартзале, дзе ён займаўся, яму ў заплечнік паклалі экскрыменты — праз гэта распачалі крымінальную справу,
— асудзіў «групу» Мікалая Аўтуховіча і чэмпіёна Беларусі ў кікбоксінгу Паўла Абознага, палітвязняў Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч.
— займаецца паўэрліфтынгам. У 2019 годзе прывёз «серабро» з чэмпіянату свету па паўэрліфцінгу.
Таксама новыя суддзі з’явіліся ў раённых і абласных судах. Па Гродзенскай вобласці перастановак гэтым разам не было.
Таксама Лукашэнка прысвоіў кваліфікацыйныя класы суддзям
Першы кваліфікацыйны клас прысвоілі намесніку старшыні Гродзенскага абласнога суда Ермаку Ігару Анатольевічу, намесніку старшыні Гродзенскага абласнога суда Ліхачу Андрэю Андрэевічу, намесніку старшыні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Ляху Сяргею Іванавічу, другі кваліфікацыйны клас — старшыні суда Навагрудскага раёна Воўчку Ігару Мікалаевічу, суддзі эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Карых Наталлі Валер’еўне, суддзі эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Кату Дзянісу Вітальевічу, старшыні суда Свіслацкага раёна Цыунчыку Дзмітрыю Віктаравічу.
Трэці кваліфікацыйны клас прысвоілі старшыні суда Дзятлаўскага раёна Дуброўскаму Вадзіму Ігаравічу, чацвёрты — суддзі суда Кастрычніцкага раёна Гродна Ланцэвічу Маргарыце Мікалаеўне.