Жанчына са Смаргоні праз суд дамаглася маральнай кампенсацыі. Прычына кампенсацыі - смерць сына, які загінуў на вытворчасці ў красавіку 2022 года, паведаміў Вярхоўны суд.

Жыхарка Смаргоні праз суд дамаглася кампенсацыі за смерць сына. Выплацілі ўтрая менш, чым яна заяўляла
Суд. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Загінуў на прадпрыемстве, але крымінальнай справы не завялі

У 2020 годзе сын жанчыны ўладкаваўся на адно з мясцовых прыватных прадпрыемстваў. Ён працаваў укладчыкам-упакоўшчыкам, потым — аператарам на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях у дрэваапрацоўцы.

У красавіку 2022 года мужчына загінуў у выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці. Яго прызналі вінаватым, бо ён, нібыта, знаходзіўся ў небяспечнай зоне працы лентачнага транспарцёра і парушыў патрабаванні інструкцыі па ахове працы.

Пасля праверкі на прадпрыемстве следчыя не знайшлі прыкмет злачынства ў дзеяннях службовых асобаў і адмовіліся заводзіць крымінальную справу.

Навошта жанчына падавала ў суд

Жанчына падала ў суд на прадпрыемства, бо з-за смерці адзінага сына яна перанесла глыбокія маральныя пакуты і цяжкі стрэс. Яна намагалася спагнаць з прадпрыемства 30 тыс. рублёў за маральныя пакуты.

Суд Смаргонскага раёна вырашыў, што прадпрыемства павінна выплаціць жанчыне маральную кампенсацыю ў тры разы менш заяўленай — 10 тыс. рублёў. Маўляў, пачатковая сума завышаная «ў сувязі з наяўнасцю грубай неасцярожнасці пацярпелага і адсутнасцю віны адказчыка ў прычыненні шкоды».

Чытайце таксама: За хабар пачалі судзіць старшыню сельвыканкама — прычынай сталі дрэвы на могілках