На продаж выставілі два гаража за былым будынкам адміністрацыі Ленінскага раёна. Яны размяшчаюцца ў дварах за вуліцай Савецкай — па адрасе Найдуса, 2А і 2Б. Горад хоча бачыць там аб’ект адміністрацыйна-дзелавога прызначэння — магчыма, пабудуюць новы офіснік.
Аднапавярховыя цагляныя гаражы пабудаваныя ў 2004 годзе. Іх плошча — 58,6 і 94,6 кв. м, у абодвух ёсць аглядальныя яміны. У адным з іх частка плошчы здаецца ў арэнду, у другім — аддадзена ў бязвыплатнае карыстанне да моманту продажу.
Пакупнік павінен будзе правесці капітальны рамонт, мадэрнізацыю або рэканструкцыю нерухомасці і ўвесці пабудовы ў эксплуатацыю не пазней за тры гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу. У Беларусі пад рэканструкцыяй часам маецца на ўвазе поўны дэмантаж старога і будаўніцтва новага аб’екта.
Пачатковы кошт нерухомасці і права арэнды зямельных участкаў пад ёй — 78 227 рублёў ($ 25,8 тыс.). Участкі плошчай 0,0097 га і 0,0153 га можна арандаваць на 50 гадоў. Тэрыторыя абгароджаная. Зямля ўваходзіць у водаахоўную зону і ў зону аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Аўкцыён прызначаны на 25 жніўня.
Адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна пераехала з будынка на Савецкай у 2022 годзе. На новым месцы — Лермантава, 2 — яна заняла тры паверхі. Былы будынак адміністрацыі вырашылі перадаць бізнэсу.