Будынак былой кацельні на Цітова, 26 патаннеў удвая. Паўторны аукцыён пройдзе на анлайн-пляцоўцы «Белбанкротгандаль» 23 студзеня. Будынак ужо пачалі перабудоўваць пад культурны кластар, але інвестар, які выкупіў яго, памёр, і фірма збанкрутавала.

Зараз незавершаная будоўля закансерваваная. Ступень гатоўнасці будынка на 2021 год складала 60%. Пачатковы кошт, выстаўлены на гэты раз, — 850,5 тыс. рублёў (амаль $ 268 тыс.). Агульная плошча будынка — 4481,30 кв.м.

Будынак ужо спрабавалі прадаць паўгода таму. Тады за яго хацелі 1 701 000 рублёў ($ 576,7 тыс.). Пакупнікоў не знайшлося.

Зараз будынак належыць прыватнаму прадпрыемству «РВВ». Яго заснавальнік, бізнесмен Уладзімір Рамановіч, выкупіў будынак і пачаў будоўлю ў 2018 годзе. Ён хацеў адкрыць у былой кацельні культурны кластар з танцавальнай студыяй і невялікай залай для правядзення розных мерапрыемстваў. Таксама на пяці паверхах планавалі размясціць офісы,
крамы з харчовымі і нехарчовымі таварамі, хостэл, найбуйнейшую ў Гродне краму сантэхнікі, кабінеты медыцынскіх паслуг, кафэ і сушы бар. Фішкай павінна было стаць кафэ, размешчанае на трубе былой кацельні на вышыні 30 м. Рабочая назва праекта была «Маяк».

Лот па Цітова 26 у Гродне
Праект будынка на Цітова, 26. Крыніца: bankrottorg.by

Уладзімір Рамановіч памёр ад ковіда. Пасля яго смерці бізнэс збанкрутаваўся. Ліквідацыя пачалася ў кастрычніку 2021 года. Банкрутам суд прызнаў фірму ў лютым 2022 года. Рамановічу таксама належаў будынак, дзе размяшчаўся праект «Дом 46». Ім займалася яго дачка Яўгенія Рамановіч.

Чытайце таксама: Пад асфальтам на вуліцы Цітова знайшлі брукаванку