Асноўны фестывальны дзень на LIDBEER-2023 — 2 верасня. Сёлета фестываль прымеркаваны да 700-годдзя Ліды. Арганізатары — новыя.

Поўная праграма фестывалю

Фестывальныя пляцоўкі адкрыюцца з 11:00 2 верасня. Музычная праграма пачнецца ў 14:00 і працягнецца да 02:00 3 верасня. У праграме магчымыя змены.

Арганізатарs вызначыліся з трыма сцэнамі, якія будуць на фестывалі:

  1. Малую сцэну ля Дома гандлю па вуліцы Ленінскай аддадуць фолк-музыцы. Традыцыйныя беларускія матывы ў сучаснай інтэрпрэтацыі будуць гучаць там з 14:00 да 23:00.
  2. Сцэна ля сцен Лідскага замка будзе для аматараў рэйву і дыскатэк. Сэты DJ плануюць з 14:00 да 23:00.
  3. Галоўная сцэна будзе на Дажыначнай плошчы. Там загучыць рок і поп: абяцаюць сусветныя хіты ад кавер-бэндаў і арыгінальныя музычныя гурты з 14:00 і да 2:00.

Хэдлайнераў фестывалю пакуль не называюць.

Раней у рамках LIDBEER таксама анансавалі фестываль феерверкаў.

Цэнтральную частку горада, дзе будуць праходзіць асноўныя мерапрыемствы, перакрыюць з 08:00 2 верасня да 02:00 3 верасня. Часткова перакрыюць дарогі для мантажу і дэмантажу абсталявання ў зоне фестывалю з 31 жніўня па 3 верасня.

Што будзе на фестывалі

1 верасня

Гастра-фэст. Арганізатары — Лідскі малочна-кансервавы камбінат і Лідахлебапрадукт.

2 верасня

Канцэрты на фестывальных сцэнах. Частка вуліцы Ленінскай — ад Дома гандлю да лазні - зойме выстава-кірмаш ад прадпрыемстваў і рамесныя шэрагі да помніка Гедыміну. Далей да замка размесцяць фуд-зоны.

У замку і вакол яго плануюць культурна-забаўляльныя і анімацыйныя мерапрыемствы, рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка» і дыскатэку «Залатое рэтра: дыска-700».

UPD 26 ліпеня. Rammstein, Metallica, Linkin Park, System of a down прагучаць у выкананні сімфанічнага аркестра Classic Energy на фестывалі LIDBEER. 50 музыкантаў адначасова выступяць на галоўнай сцэне.

Таксама сыграе беларускі гурт DBYNA. ««Сапраўдныя аматары LIDBEER памятаюць гэты гурт пад назвай John Connor, якія сталі пераможцамі малой сцэны на фестывалі 2019 года. І вось сёлета з новай назвай, з новымі песнямі, але з ранейшым драйвам і любоўю да року і беларускай мовы DBYNA зайграе на галоўнай сцэне 2 верасня», — пішуць арганізатары.

3 верасня

Забег здароўя.

Правілы фестывалю

Фестываль будзе бясплатным. Заплаціць прыйдзецца толькі за ўваход у VIP-зону. Яе пазначаць адпаведнай шыльдай.

Дзецям да 18 гадоў дазволены ўваход у фестывальную зону толькі ў суправаджэнні дарослых — бацькоў або законных прадстаўнікоў. Для дзяцей рыхтуюць горкі, батуты, гульні і зону мыльных бурбалак.

На тэрыторыю фестывалю забаронена прыносіць алкаголь і іншыя напоі, а таксама прадукты харчавання, якія хутка псуюцца, і прадукты ў небяспечнай упакоўцы. Будзе працаваць каля 200 кропак з разнастайнымі ежай і напоямі.

Магчыма, на фестывалі арганізуюць і кемпінг, каб госці маглі спыніцца з палаткамі.


Оpen air фестываль музыкі і піва праходзіў з 2015 года. У 2020 ён узяў паўзу з-за пандэміі, і больш не праводзіўся. Да гэтага падрыхтоўка да яго займала амаль год, ставілі дзве сцэны і амаль 200 намётаў фудкорта, арганізоўвалі рамесную кірмаш і іншыя забавы. Хэдлайнерамі былі «Сплін», «Бі-2», «Чайф», «Океан Ельзи», «Ленінград». З усёй краіны з’язджалася да 130 тысяч гасцей. Сёлета ў фестывалю іншыя арганізатары.

Чытайце таксама: