Найбуйнейшы беларускі аўтафестываль пройдзе ў Гродне 22 ліпеня. Ён адбудзецца на тэрыторыі ТРК TRINITI. Каб пазбегнуць чэргаў, арганізатары змянілі таймінг фестывалю. У гэтым годзе гасцей чакае фудкорт і музыка.

Сёлета «Лакацыя» адкрывае свае дзверы ў 11:00, урачыстая праграма пачынаецца ў 12:30, а асноўныя шоу — у 14:00, піша «АўтаГродна». З поўнай праграмай і спісам прызоў можна азнаёміцца асобна.

Што чакае на «Лакацыі - 2023»:

  • Выстава аўто з 4 краін. Можна будзе выбраць 1 з 200 аўтамабіляў і аддаць за яго свой голас.
  • Спаборніцтвы па Burnout.
  • Спаборніцтвы на самы гучны выхлап. Гледачы змогуць галасаваць за самую гучную выхлапную сістэму фестывалю і за самую гучную акустычную сістэму.
  • 10 конкурсаў і выбар аднаго з 700 падарункаў.
  • Спаборніцтвы самых гучных аўтамабіляў Беларусі.
  • Сустрэча з топавымі блогерамі Беларусі.
  • Выстава маштабных мадэляў з усёй Беларусі.
  • Выстава топавых электрамабіляў з Кітая.
  • Зона RC-дрыфту, RC-Трофі, трайкаў, моноколес. Можна будзе навучыцца ездзіць на моноколесах і дрифтовых трайках.
  • Музычная праграма.
  • Фудкорт.

Удзельнікі фестывалю будуць дарыць наведвальнікам стыкеры.

Пасля 20.00 на сцэне фестывалю разыграюць галоўныя падарункі ад партнёраў - ад ровара да iPhone 14.

Якія будуць конкурсы

Арганізатары падрыхтавалі гульнявыя карткі для 700 наведвальнікаў фестывалю. Удзельнікам трэба будзе прайсці конкурсы ў партнёраў фэста і атрымаць 10 пячатак. Сярод заданняў, напрыклад — першым праехаць на радыёкіраванай мадэлі, хутчэй за астатніх сабраць аўтамабільны набор інструментаў, скруціць шматскладовы дыск ад аўтамабіля, падабраць ключы да замка запальвання і гэтак далей. Прайшоўшы ўсе заданні, трэба будзе выбраць сабе падарунак. Карткі будуць выдавацца каля ўваходу ў два перыяды, пра што будзе прапісана ў праграме.

Умовы ўваходу і ўдзелу

Уваходны квіток у гэтым годзе каштуе 20 рублёў. Бясплатна прапусцяць дзяцей да 12 гадоў (уключна) і людзей з інваліднасцю. Можна фатаграфаваць, але пры гэтым нельга прыхінацца да аўтамабіляў удзельнікаў: нават маленькая драпіна — ужо вялікая праблема. Калі захочацца пасядзець у салоне якога-небудзь аўто, арганізатары прапануюць проста папрасіць дазволу ўладальніка.

На фестываль не прапусцяць з жывёламі. Таксама нельга праносіць алкаголь і іншыя напоі, шкляную тару, лёгка запальныя рэчывы, прадметы, забароненыя да абароту.

Калі едзеце здалёк

Шукаць спадарожнікаў можна праз чат фестываля. Таксама арганізатары стварылі мапу спадарожнікаў, дзе можна проста абраць патрэбны горад і з’явіцца спіс кіроўцаў і тых, хто шукае месца ў машыне.


Першы фестываль «Лакацыя» прайшоў 20 жніўня 2022 года на паркінгу Triniti. На яго прыехалі больш за 150 рэдкіх аўто. Многія замежныя ўдзельнікі так і не даехалі з-за вялікіх чэргаў на межах. «Лакацыю» правялі замест фестывалю SunDay — штогадовага аўтафестывалю, які да пандэміі COVID-19 праходзіў на пляцоўцы ля Юбілейнага возера.

Чытайце таксама: Ад рыцарскіх турніраў да джазавых канцэртаў. 20 фестываляў лета 2023 у Беларусі