Фестываль «Лакацыя» адбудзецца ў Гродне другі раз. Яго арганізуюць 22 ліпеня 2023 года на пляцоўцы гандлёва-забаўляльнага комплекса Triniti, паведаміў «АвтоГродно». Прыём заявак пачнецца ў траўні.

Стала вядома, калі адбудзецца другі фестываль “Лакацыя”. Сёлета акрамя аўтамабіляў абяцаюць яшчэ і музыку
Фестываль «Лакацыя» у 2022 годзе. Фота: Hrodna.life

У 2023 годзе арганізатары «Лакацыі» абяцаюць насычаную і працяглую праграму. Зараз яны вядуць перамовы з музычнымі камандамі, якія павінны зайграць вечаровы канцэрт. У мінулым годзе музычнай праграмы не было. Акрамя гэтага, на фестывалі здымуць абмежаванне па колькасці ўдзельнікаў і павялічаць колькасць намінацый.

Створаць мапу горада для гасцей

Арганізатары плануюць задзейнічаць не толькі пляцоўку каля Triniti. На дні правядзення фестывалю — 21, 22 і 23 ліпеня — плануюць далучыць гродзенскія ўстановы і экскурсаводаў, каб госці з іншых гарадоў маглі бавіць час не толькі на фестывалі.

«Для гэтага будзе створана спецыяльна мапа горада, запрашаем уладальнікаў установаў і выстаў да супрацоўніцтва», — сказалі арганізатары.

Першы фестываль «Лакацыя» адбыўся 20 жніўня 2022 года на паркінгу Triniti. На яго прыехалі больш за 150 рэдкіх аўто. Многія замежныя ўдзельнікі так і не даехалі з-за вялікіх чэргаў на межах. «Лакацыю» правялі замест фестывалю SunDay — штогадовага аўтафестывалю, які да эпідэміі COVID-19 праходзіў на пляцоўцы ля Юбілейнага возера.

Чытайце таксама: «Дайце мне хоць 20 000 еўра — іх усё роўна будзе мала». У Гродне прайшоў аўтамабільны фестываль «Лакацыя»