Галоўны лекар аднаго з санаторыяў Лідскага раёна засумняваўся ў сапраўднасці пуцёўкі адной з кліентак і звярнуўся ў міліцыю. Там высветлілі, што па пуцёўцы павінен быў прыехаць зусім іншы чалавек — яе дачка.

У Лідскім РАУС канфіскавалі дакумент і накіравалі яго ў Лідскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз для судовай тэхнічнай экспертызы. Аказалася, што тэкст у графах «прозвішча», «імя» і «імя па бацьку» хтосьці замазаў «рэчывам белага колеру», а зверху былі напісаныя іншыя дадзеныя.

Тады лідчанка прызналася, што выправіла пуцёўку, каб на санаторна-курортнае лячэнне замест яе паехала яе 42-гадовая маці. Дзяўчына патлумачыла, што ў дзень заезду дрэнна сябе адчувала.

Лідскае РАУС праводзіць праверку з гэтай нагоды. Назву санаторыя, як і кошт пуцёўкі на 18 дзён, у прэс-службе камітэта судовых экспертыз не называюць.

Што пагражае дзяўчыне і, магчыма, яе маці

У Беларусі за падробку дакументаў прадугледжана адказнасць па артыкуле 380 Крымінальнага кодэкса. Падробка афіцыйнага дакумента, які прадстаўляе правы або вызваляе ад абавязкаў, у мэтах выкарыстання яго самім выканаўцам або іншай асобай, збыт такога дакумента, выраб падробленых штампаў, пячатак, бланкаў, альбо іх збыт, а таксама выкарыстанне загадзя падробленага дакумента караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй змове, караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Чытайце таксама: Замежнікі далі зарабіць санаторыям Гродзеншчыны: з Балтыі прыязджаюць сотні, з Расіі — тысячы