Купанне дарослых і дзяцей абмежавалі на ўсіх гродзенскіх пляжах на Нёмане, дзе яно было афіцыйна дазволена, і на Юбілейным возеры. Забарона дзейнічае з 28 чэрвеня.

Прычына забароны — аднаразовае перавышэнне індыкатарнага мікрабіялагічнага паказчыка бяспекі ў вадзе паверхневых водных аб’ектаў - возера Юбілейнае і ракі Нёман, удакладнілі ў «Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі».

У зоне адпачынку «Возера Юбілейнае» абмежавалі купанне дзяцей. Купанне дзяцей і дарослых, а таксама заняткі воднымі відамі спорту забаранілі ва ўсіх легальных зонах адпачынку на Нёмане: «Цэнтральны пляж», «Лесапаркавая тэрыторыя „Урочышча Пышкі“ з пляжам» (сцежка здароўя), «Лесапаркавая тэрыторыя „Урочышча Ласосна“ з пляжам».

Таксама з 27 чэрвеня забаранілі купанне дзяцей і дарослых і заняткі воднымі відамі спорту ў вадзе сажалкі каля аграгарадка Луцкаўляны Гродзенскага раёна. Прычына забароны аналагічная — аднаразовае перавышэнне індыкатарнага мікрабіялагічнага паказчыка бяспекі.

У Гродне і ваколіцах ёсць шмат вадаёмаў. Але купацца можна толькі ў дазволеных месцах, дзе дзяжураць ратавальнікі. Інакш можна атрымаць штраф. Hrodna.life раней сабраў спіс такіх месцаў для купання ў Гродзенскім раёне.