У Беларусі трэці раз працягнулі забарону на ўвоз некаторых прадуктаў з “несяброўскіх” краін. Пад забаронай засталіся яблыкі, акрамя перыяду з 1 па 31 ліпеня. У спіс дадалі польскае і літоўскае піва і слабаалкагольныя напоі.

Забарона на ўвоз прадуктаў са спісу падоўжаная да 31 снежня 2023 года ўключна. Адпаведны дакумент падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, паведамляе прэс-служба Савета міністраў.

Забарону на піва з Літвы і Польшчы ў прэс-службе патлумачылі “вытворчасцю аналагічнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь у дастатковых аб’ёмах”.

Контрсанкцыі на ўвоз у Беларусь прадуктаў з “несяброўскіх” краін (краіны Еўрасаюза, ЗША, Канада, Нарвегія, Вялікабрытанія) з’явіліся 1 студзеня 2022 года ў адказ на санкцыі Захаду. Пад забарону патрапілі свежае, астуджанае, замарожанае, салёнае, сушанае і вэнджанае мяса, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мука з мяса ці мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна, арэхі, слодычы, соль. Пазней некаторыя прадукты дазволілі ўвозіць, сярод іх грушы, баклажаны, свежы балгарскі перац, салата-латук, рукала, мангольд, шпінат, хурма, абрыкосы, вішня, чарэшня, нектарыны, слівы.

Пры гэтым для “несяброўскіх” суседзяў Беларусь увяла спрошчаны рэжым бязвізу з 15 красавіка 2022 года – для грамадзян Літвы і грамадзян і неграмадзян Латвіі. З 1 ліпеня 2022 года да іх далучыліся і грамадзяне Польшчы. Бязвіз для прызнаных раней “несяброўскімі” краін працягнулі да 31 снежня 2023 года.